[22] Дзеянне трох Асобаў Найсвяцейшай Тройцы падчас Уцелаўлення і першага прыйсця Езуса Хрыста надалей працягваецца нябачным чынам у Святым Касцёле, і так будзе працягвацца да канца свету, да апошнаяга прыйсця Езуса Хрыста.
[23] Бог Айцец стварыў сховішча, куды сабраў усе воды, і назваў гэта морам; Ён стварыў судзіну, куды змясціў усе свае ласкі, і назваў Марыяй. Гэты вялікі Бог мае скарб ці вельмі багатую скарбніцу, дзе Ён схаваў усё, што ў Яго ёсць прыгожага, адметнага, рэдкага і каштоўнага, нават Свайго ўласнага Сына; і гэтым вялікім скарбам з’яўляецца ніхто іншы, як Марыя, якую святыя называюць скарбам Бога, поўняй якога ўзбагачаюцца людзі.
[24] Бог Сын абдараваў Сваю Маці ўсім тым, што Ён заслужыў праз сваё жыццё і сваю смерць, свае бясконцыя заслугі і дзівосныя цноты. Ён зрабіў Яе скарбніцай усяго таго, што Яго Айцец даў Яму ў спадчыну. Менавіта праз Яе Ён абдорвае Сваімі заслугамі Свае часткі, надзяляе іх сваімі цнотамі і дорыць свае ласкі. Марыя — гэта Яго таямнічы канал, мост, праз які лагодна і шчодра цячэ Яго міласэрнасць.
[25] Бог Дух Святы надзяліў Марыю, Сваю верную Сужонку, Сваімі невыказнымі дарамі і абраў Яе за размеркавальніцу усяго, што Ён мае. Такім чынам, Яна размяркоўвае так, як Яна хоча, колькі Яна хоча, як Яна хоча і калі хоча ўсе Яго дары і ласкі, і не даецца чалавеку ніводнага нябеснага дару, які б не прайшоў праз дзявочыя рукі Марыі. Бо такая воля Бога, які жадае, каб мы ўсё атрымоўвалі праз Марыю; бо такім чынам будзе ўзбагачаная, узвышаная і ўшанаваная Найвышэйшым Тая, што ўсё жыццё была ўбогая, упакораная і схаваная да самай глыбіні свёй мізэрнасці. Так кажа Касцёл і Святыя Айцы.
[26] Калі б я прамаўляў да моцных сучаснага свету, я б пацвярджаў усё сказанае мной словамі Святога Пісання, Святых Айцоў, дадаючы адпаведныя ўрыўкі на лаціне. Я б дадаў мноства важных доказаў, якія можна знайсці ў Трайным вяночку да Святой Дзевы Р.П. Пуарэ. Але паколькі я кажу асаблівым чынам да ўбогіх і простых, што маюць добрую волю і больш веры, чым усе навукоўцы разам, веру больш простую і больш заслугаў, я абмяжоўваюся тым, што проста кажу ім праўду, не цытуючы ім зашмат лацінскія тэксты, якіх яны і так не разумеюць. Прывяду тут, аднак, некаторыя прыклады, без адмысловага выбару. Таму працягваем.
Марыя — усемагутная заступніца перад Богам.
[27] Ласка ўдасканальвае натуру, а хвала ўдасканальвае ласку. Напэўна, наш Госпад у небе застаецца Сынам Марыі так, як быў Ім на зямлі, і Ён захаваў падданасць і паслухмянасць найдасканальшага дзіцяці да найлепшай з маці. Але трэба асцерагацца бачыць у гэтай залежнасці прыніжэнне і недасканаласць Езуса Хрыста. Таму што Марыя, ніжэйшая за Свайго Сына, які з’яўляецца Богам, не распараджаецца Ім так, як зямная маці распараджаецца дзіцём, што ніжэйшае за Яе. Марыя, цалкам ператвораная ў Богу праз ласку, што ператварае ў Ім усіх святых, не просіць, не жадае і не робіць нічога супраціўнага вечнай і нязменнай Волі Бога. Калі мы чытаем у творах святых Бернарда, Бернардына, Банавэнтуры і іншых, што ў небе і на зямлі ўсё, аж да самога Бога, падпарадкоўваецца Найсвяцейшай Дзеве, гэта значыць, яны жадаюць сказаць, што ўлада, якую Бог пажадаў Ёй даць, настолькі вялікая, што, здаецца, Яна мае тую самую магутанасць, што і Бог. Яе малітвы настолькі магутныя перад Богам, што яны як загады перад абліччам Яго Велічы, якая ніколі не супраціўляецца малітве Яго дарагой Маці, бо Яе малітва заўсёды пакорная і згодная з Яго воляй.
Калі Майсей моцай сваёй малітвы спыніў гнеў Бога на ізраільцянаў — так, што гэты Найвышэйшы і Міласэрны Бог не змог яму супрацьстаяць, і папрасіў стрымаць Яго гнеў і жаданне ўкараць гэты ўзбунтаваны народ, што ж мы тады можам думаць аб малітве пакорнай Марыі — годнай Маці Бога, больш магутнай перад Яго Веліччу за ўсе малітвы і заступніцтвы ўсіх анёлаў і святых на зямлі і ў небе?
Марыя — усемагутная Каралева ў Валадарстве Божым.
[28] Марыя загадвае ў небе анёлам і святым. Як узнагароду за Яе глыбокую пакору Бог даў Ёй уладу і заданне запоўніць святымі пустыя пасады анёлаў, што адышлі, што ўпалі праз сваю пыху. Такая воля Найвышэйшага, што ўзвялічвае пакорных. Ён жадае, каб Неба, зямля і пекла безумоўна падпарадкоўваліся загадам пакорнай Марыі, якую Ён учыніў Валадаркай неба і зямлі, Галавой Яго войска, Скарбніцай, што захоўвае Яго скарбы, Размеркавальніцай Яго ласкаў, Майстрам Яго вялікіх цудаў, Заступніцай роду чалавечага, Пасрэдніцай паміж чалавекам і Богам, Пагрозай ворагаў Бога і вернай Спадарожніцай Яго велічы і трыюмфу.
Марыя — Маці ўсіх дзяцей Спрадвечнага Айца.
[29] Бог Айцец да сканчэння свету жадае фармаваць сабе дзяцей праз Марыю. І Ён кажа Ёй гэтыя словы: «In Jacob inhabita» («жыві ў Якубе»), што азначае «ствары сабе жыллё ў маіх дзецях і прызначаных, у вобразе Якуба, а не ў дзецях д’ябла і адступніках у вобразе Эсава».
[30] Як у натуральным і цялесным парадку дзіця мае бацьку і маці, так і ў парадку звышнатуральным ёсць бацька, якім з’яўляецца Бог, і маці — Марыя. Усе сапраўдныя дзеці Бога і прызначаныя маюць Бога за Айца і Марыю за Маці; а той, хто не мае Марыі за Маці, не мае таксама Бога за Айца. Таму адступнікі, ератыкі, схізматыкі, што ненавідзяць альбо глядзяць з пагардай ці абыякавасцю на Найсвяцейшую Дзеву, не маюць Бога за Айца, хоць і хваляцца гэтым, таму што яны не маюць Марыі за Маці. Калі б яны лічылі Яе сваёю Маці, яны б любілі Яе і ўшаноўвалі, як сапраўднае і добрае дзіця любіць і ўшаноўвае сваю маці, што дала яму жыццё.
Самы бясспрэчны і несумненны знак у распазнанні ератыка, чалавека ілжывай дактрыны, адступніка ад выбранага ў тым, што ератык і адступнік мае толькі пагарду і абыякавасць да Найсвяцейшай Дзевы, імкнучыся словамі і прыкладам паменшыць Яе культ і любоў да Яе, адкрыта ці, наадварот, часам пад прыгожымі прычынамі. На жаль! Бог Айцец не сказаў Марыі стварыць жыллё ў іх, таму што яны — Эсавы.
Марыя — Маці частак Містычнага Цела Хрыста.
[31] Бог Сын жадае ўфармоўвацца, кожны дзень уцелаўляцца ў сваіх частках праз Сваю Маці. Ён кажа Ёй: «In Israel hereditare» («У Ізраілі прымі спадчыну»). Гэта азначае: «Бог даў мне ў спадчыну ўсе народы зямлі, усіх людзей, добрых і злых, выбраных і адступнікаў; адных я павяду залатым жазлом, іншых — жалезным; я буду бацькам і заступнікам для адных, суддзёй для ўсіх; але Ты, мая дарагая Маці, Ты атрымаеш у спадчыну толькі выбраных, у вобразе Ізраіля; і, як іх добрая Маці, Ты будзеш іх нараджаць, карміць, гадаваць; і, як іх Гаспадыня, Ты павядзеш іх, будзеш кіраваць імі і бараніць».
[32] «Чалавек і чалавек нарадзіўся ў Ёй», — кажа Дух Святы: «Homo et homo natus est in ea». Як кажуць некаторыя Айцы, першы чалавек, што нарадзіўся ў Марыі, — гэта Бога-Чалавек, Езус Хрыстус, другі — гэта чысты чалавек, прыёмнае дзіця Бога і Марыі. Калі Езус Хрыстус, галава ўсіх людзей, нарадзіўся ў Ёй, то і прызначаныя, часткі гэтай галавы, павінны таксама абавязкова нарадзіцца ў Ёй. Тая самая Маці не можа даць свету Галаву без частак і частак без Галавы — інакш гэта быў бы вылюдак у парадку натуры; таму, у парадку ласкі, Галава і часткі нараджаюцца ад адной Маці. І калі б частка містычнага Цела Езуса Хрыста — прызначаны — нарадзіўся ад іншай маці, а не ад Марыі, якая нарадзіла Галаву, гэта быў бы ўжо не прызначаны і не частка Езуса Хрыста, але вылюдак у парадку ласкі.
[33] Тым больш, Езус сёння з’яўляецца такім самым плодам Марыі, як і раней, што Неба і зямля штодзённа паўтараюць тысячы разоў: і блаславёны плод улоння Твайго Езус. І напэўна Езус Хрыстус для кожнага чалавека асабіста, што Яго мае, і для ўсяго свету, з’яўляецца сапраўдным плодам і справай Марыі. Таму, калі хто-небудзь, верны Езусу Хрысту, быў уфармаваны ў Яго Сэрцы, ён можа смела сказаць: «Вялікае дзякуй Марыі, бо тое, што я маю, сапраўды з’яўляецца Яе плодам, і без Яе ў мяне Яго б не было». Такім чынам, пра Яе можна сказаць тое, што святы Павел не мог сказаць пра сябе: «Quos iterum parturio, donec in vobis formetur Christus» («Я штодзённа нараджаю кожнае дзіця Божае, пакуль Езус Хрыстус, Мой Сын, не будзе ў іх у поўні ўфармаваны»). Святы Аўгустын, пераўзыходзячы сам сябе і ўсё тое, што я толькі што сказаў, кажа, што ўсе прызначаныя, каб адпавядаць вобразу Сына Божага, схаваныя ў гэтым свеце, укрытым ва ўлонні Найсвяцейшай Дзевы, дзе іх сцеражэ, корміць, клапоціцца і выхоўвае гэтая добрая Маці, пакуль не народзіць іх дзеля хвалы пасля іх смерці, якая ў сапраўднасці з’яўляецца днём іх народзінаў, як Касцёл называе смерць справядлівых. O таямніца ласкі, схаваная ад адступнікаў і мала вядомая нават прызначаным!»
Марыя — верная і плодная Нарачоная Духа Святога.
[34] Бог Дух Святы жадае фармаваць у Ёй і праз Яе выбраных і кажа Ёй: «In electis meis mitte radices». «Любая мая Абранніца, пусці карані сваіх цнотаў у маіх выбраных, каб яны ўзрасталі ў цнотах і ў ласцы. Я ўпадабаў Цябе, калі Ты жыла на зямлі, практыкуючы найвышэйшыя цноты, таму я хачу яшчэ бачыць Цябе на зямлі, не пакідаючы неба. Зрабі тое самае ў маіх выбраных, каб Я з упадабаннем убачыў у іх карані Тваёй непахіснай веры, глыбокай пакоры, поўнага ўтаймавання плоці, узвышанай малітвы, гарачай любові, цвёрдай надзеі і ўсіх іншых цнотаў. Ты заўсёды Мая верная Абранніца, такая ж чыстая і плодная, як і раней. Няхай Твая вера дасць мне верныя душы, няхай Твая чысціня дасць мне дзявоцкія душы, няхай Твая плоднасць дасць мне выбраныя душы і святыні.
[35] Калі Марыя пускае карані ў душу, Яна чыніць у ёй цуды ласкі, на якія здольная толькі Яна, таму што толькі Яна — Дзева плодная, і няма і ніколі не было нікога падобнага да Яе ў чысціні і плоднасці.
Марыя, разам з Духам Святым, стварыла найвялікшае, што толькі існавала ў свеце — гэта Бога-Чалавек; а значыць, Яна ўчыніць найвялікшыя рэчы ў апошнія часы. Фармаванне і выхаванне вялікіх святых, што прыйдуць напрыканцы часоў, належыць Ёй, таму што ёсць толькі гэтая адзіная і цудоўная Дзева, што ў еднасці з Духам Святым можа ўчыніць асаблівыя і незвычайныя рэчы.
[36] Калі Дух Святы, Яе Абраннік, знаходзіць Яе ў душы, Ён сыходзіць у яе, без рэшты ўваходзіць, аддаецца гэтай душы з усім багаццем Сваіх ласкаў і настолькі, наколькі гэтая душа дае месца Яго Абранніцы. Таму існуе шмат прычынаў таго, што Дух Святы не чыніць больш вялікіх цудаў у душах, а менавіта тое, што Ён не знаходзіць больш досыць вялікай еднасці са Сваёй вернай і неразрыўнай Абранніцай. Я кажу “неразрыўнай”, бо з таго моманту, як гэтая існая Любоў Айца і Сына заручылася з Марыяй, каб нарадзіць Езуса Хрыста, Галаву выбраных, і Езуса Хрыста ў выбраных, Ён ніколі з Ёй не раставаўся, бо Яна заўсёды была верная і плодная.