[97] Саманадзейныя ўшанавальнікі — гэта грэшнікі — нявольнікі сваіх дрэнных схільнасцяў або вялікія аматары гэтага свету, якія пад прыгожым імем хрысціянаў і адданых Святой Дзеве хаваюць пыху або хцівасць, нячыстасць або п’янства, гнеў або лаянку, праклён або несправядлівасць і гэтак далей. Яны спакойна спяць у сваіх дрэнных звычках, надта не намагаючыся іх выправіць, тлумачачы гэта тым, што яны ўшаноўваюць Святую Дзеву. А гэта значыць, што дзякуючы гэтаму Бог іх прабачыць, яны не памруць без споведзі і не будуць асуджаныя. А яшчэ таму, што яны моляцца на ружанцы, захоўваюць пост у суботу і запісаныя ў брацтва Святога Ружанца, або Шкаплера, або іншае брацтва Святой Дзевы, яны носяць маленькі кавалачак тканіны або маленькі ланцужок у гонар Святой Дзевы і гэтак далей.
Калі ім кажуць, што іх пабожнасць — гэта толькі ілюзія д’ябла і небяспечная саманадзейнасць, здольная іх загубіць, яны не хочуць гэтаму верыць. Яны кажуць, што Бог добры і міласэрны і стварыў нас не дзеля таго, каб нас загубіць. Тым больш няма ніводнага чалавека, які б не грашыў, і яны не памруць без споведзі, і досыць аднаго жалю за грахі ў хвіліну смерці, тым больш яны ўшаноўваюць Святую Дзеву і носяць шкаплер, кожны дзень добра моляцца сем “Ойча наш” і “Вітай, Марыя” ў Яе гонар і нават час ад часу моляцца ружанец і гадзінкі да Святой Дзевы, посцяць і гэтак далей. Каб падмацаваць сказанае і яшчэ больш увесці ў аблуду, яны распавядаюць некалькі выпадкаў, пачутых ці прачытаных у кнігах, сапраўдных ці не, не важна, але каб іншыя паверылі, што асобы, памерлыя ў смяротным граху, без споведзі, але дзякуючы таму, што за жыццё яны памаліліся некалькі малітваў і адправілі некалькі набажэнстваў да Маці Божай, уваскрэслі, каб паспавядацца, або іх душа цудоўным чынам заставалася ў целе да хвіліны споведзі, або праз міласэрнасць Святой Дзевы пасля смерці яны атрымалі ласку скрухі і прабачэнне грахоў, а потым былі збаўленыя. Такім чынам, гэтыя саманадзейныя асобы спадзяюцца на тое ж самае.
[98] Няма нічога больш годнага асуджэння ў хрысціянстве за гэтую д’ябальскую саманадзейнасць. Ці можна сказаць, што мы сапраўды любім і ўшаноўваем Святую Дзеву, а ў той жа час сваімі грахамі зраньваем, абражаем і неміласэрна крыжуем Езуса Хрыста, Яе Сына? Калі б Марыя пажадала ратаваць праз Сваю Міласэрнасць такіх людзей, Яна б узаконіла злачынства і дапамагала б абражаць і крыжаваць Свайго Сына. Ці можна асмеліцца думаць такое?
[99] І я кажу, што так злоўжываць ушанаваннем Найсвяцейшай Дзевы, якое пасля ўшанавання нашага Госпада і Найсвяцейшага Сакраманту самае святое і велічнае, — азначае, учыніць найвялікшае блюзнерства, што пасля блюзнерства нягоднага прыняцця Святой Камуніі самае вялікае і невыбачальнае.
Я прызнаю, што, каб мець ласку сапраўднага ўшанавання Святой Дзевы, не абавязкова быць настолькі святым, каб пазбягаць кожнага граху, хоць і трэба гэтага жадаць. Але трэба прынамсі (трэба добра занатаваць тое, што я зараз скажу):
Па-першае, трэба мець шчырую пастанову пазбягаць хаця б смяротнага граху, які зневажае як Маці, так і Сына.
Па-другое, трэба прымушаць сябе пазбягаць граху.
Па-трэцяе, уступіць у марыйнае брацтва, маліцца на ружанцы ці чытаць іншыя малітвы, захоўваць пост у суботу і гэтак далей.
[100] Гэта вельмі неабходна дзеля навяртання грэшнікаў, нават самых зацвярдзелых. І калі ты, мой чытач, у гэтым стане і нават ужо адной нагой у вечным асуджэнні, я раю табе выконаваць тое, што я сказаў вышэй, з умовай, аднак, што ты будзеш гэта рабіць дзеля таго, каб атрымаць ад Бога праз міласэрнасць Святой Дзевы ласку навяртання і прабачэння грахоў, каб перамагчы свае злыя схільнасці, а не спакойна заставацца ў граху, нягледзячы на дакоры сумлення, насуперак прыкладу Езуса Хрыста і святых і словам Святога Евангелля.
Тыя, што ўшаноўваюць нястала.
[101] Ёсць такія, што ўшаноўваюць Святую Дзеву з перапынкамі і паводле ўласных капрызаў: часам яны гарачыя, а часам цёплыя, часам яны, здаецца, гатовыя ўсё аддаць дзеля Яе служэння, а потым, праз нейкі час, зусім мяняюцца. Спачатку яны гатовыя ўзяцца за ўсе набажэнствы да Святой Дзевы, уступіць ува ўсе брацтвы, а потым не выконваюць з вернасцю ўсе практыкі. Яны зменлівыя, як месяц. А Марыя, ставіць іх пад свае стопы разам з паўмесяцам, бо яны нясталыя і ня вартыя быць сярод верных слугаў, гатовых усё аддаць дзеля служэння гэтай вернай Дзеве. Лепш не загружаць сябе такой колькасцю малітваў і пабожных практыкаванняў, лепш выканаць іх менш, але захоўваючы вернасць, нягледзячы на спакусы свету, д’ябла і плоці.
Тыя, што ўшаноўваюць крывадушна.
[102] Існуюць яшчэ крывадушныя ўшанавальнікі Святой Дзевы, якія хаваюць свае грахі і злосныя схільнасці пад плашчом гэтай вернай Дзевы, каб у вачах людзей быць не тымі, кім з’яўляюцца на самой справе.
Тыя, што ўшаноўваюць карысліва.
[103] Ёсць таксама карыслівыя ўшанавальнікі, якія прыбягаюць да Святой Дзевы толькі каб перамагчы ў нейкай справе, пазбегнуць небяспекі, вызваліцца ад хваробы або ў нейкай іншай патрэбе. У іншым выпадку яны б пра Яе і не згадалі. Усё гэта ілжывая пабожнасць, і асобы гэтай катэгорыі не мілыя ані Богу, ані Яго Святой Маці.
[104] Таму асцерагаймася быць у ліку тых крытыканаў, якія ні ў што не вераць і ўсё крытыкуюць; у ліку скрупулёзаў, якія са страху зняважыць Езуса баяцца зашмат праслаўляць Святую Дзеву; у ліку павярхоўных, якія задавальняюцца толькі знешнімі практыкаваннямі; у ліку саманадзейных, якія пад выглядам сваёй ілжывай пабожнасці да Святой Дзевы застаюцца жыць у граху; у ліку нясталых, якія праз сваю нядбайнасць змяняюць розныя кшталты ўшанавання або ўвогуле іх пакідаюць пры найменшай спакусе; у ліку крывадушнікаў, якія ўступаюць у брацтвы і носяць знакі Святой Дзевы, каб здавацца добрымі; і, нарэшце, у ліку карыслівых, якія прыбягаюць да Святой Дзевы толькі каб быць збаўленымі ад небяспекаў і атрымаць часовыя даброты.