[243] Чацвёртае практыкаванне. Яны будуць мець асаблівае пашану да вялікай таямніцы Ўцелаўлення Слова, якое святкуецца 25 сакавіка і з’яўляецца ўласнай таямніцай гэтага практыкавання, бо яно было дадзенае Духам Святым: 1) каб ушанаваць і наследваць невыказную залежнасць Бога Сына ад Марыі дзеля хвалы Бога Айца і нашага збаўлення. У гэтай таямніцы асаблівым чынам аб’яўляецца залежнасць Езуса Хрыста, які быў нявольнікам і вязнем ва ўлонні боскай Марыі, ад якой Ён цалкам залежыў ува ўсім; 2) каб падзякаваць Богу за незраўнаныя ласкі, якімі Ён абдарыў Марыю, а перш за ўсё — за тое, што абраў Яе быць Яго годнай Маці: менавіта ў гэтым дзве галоўныя мэты нявольніцтва Езуса Хрыста ў Марыі.
[244] Заўваж, калі ласка, што я кажу проста: «нявольнік Езуса ў Марыі», «нявольніцтва Езуса ў Марыі». Можна, праўда, сказаць, як гэта ўжо рабіў шмат хто дагэтуль: «нявольніцтва Марыі» ці «нявольнік Святой Дзевы». Аднак я лічу, што лепш сказаць «нявольнік» Езуса ў Марыі, як гэта раіў мансеньёр Трансон, генеральны настаяцель Семінарыі Сен-Сюльпіс, вядомы сваёй рэдкай пільнасцю і пабожнасцю. Вось чаму ён гэта раіць:
[245] 1. Паколькі мы жывем у ганарлівым свеце, і ёсць шмат ганарлівых навукоўцаў, моцных і крытычных, што нават у самых добра ўстаноўленых набажэнствах знаходзяць нешта падазронае і вартае крытыкі, лепш казаць пра няволю Езуса ў Марыі і называць сябе нявольнікам Езуса ў Марыі, чым нявольнікам Марыі. Такім чынам мы называем гэтае практыкаванне з пункту гледжання яго канчатковай мэты, якой зяўляецца Езус Хрыстус, а не з пункту гледжання шляху і яго спосабу, каб дайсці да гэтай мэты, якім з’яўляецца Марыя. Хоць можна, праўда, сказаць і адно, і другое, што я і раблю. Напрыклад, чалавек, што едзе з Арлеану да Тура праз Амбуазу, можа сказаць, што ён едзе да Амбуазы і да Тура. Ён можа сказаць, што вандроўнік Амбуазы і Тура. Але Амбуаза — толькі прамая дарога да Тура, і толькі Тур — канчатковая мэта яго вандроўкі.
[246] 2. Паколькі галоўная таямніца, якую мы ўшаноўваем праз гэтае практыкаванне, — гэта таямніца Уцелаўлення, дзе Езуса можна ўбачыць толькі ў Марыі і ўцелаўлёным у Яе ўлонні, лагічней сказаць: «нявольніцтва Езуса ў Марыі», сказаць пра Езуса, які жыве і валадарыць у Марыі. Сказаць пра гэта можна паводле дадзенай прыгожай малітвы мноства вялікіх асобаў: «O Jesu, vivens in Maria, veni et vive in famulis tuis in spiritu sanctitatis tuae, in plenitudine virtutis tuae, in perfectione viarum tuarum, in veritate virtutum tuarum, in communione mysteriorum tuorum. Dominare omni adversae potestati in Spiritu tuo ad gloriam Patris. Amen». («O Езу, Які жывеш у Марыі, прыйдзі і жыві ў Сваіх слугах, у духу Тваёй святасці, у поўні Тваёй моцы, у дасканаласці шляхоў Тваіх, ва ўдзеле ў Тваіх цнотах, ва ўдзеле ў Тваіх таямніцах. Пануй над кожнай варожай моцай у Тваім Духу, на хвалу Айца. Амэн»).
[247] 3. Гэтыя словы яшчэ больш паказваюць цесную сувязь паміж Езусам і Марыяй. Яны настолькі моцна звязаныя, што яны адзін цалкам у другім: Езус цалкам у Марыі, а Марыя цалкам у Езусе. Нават больш: гэта ўжо не Яна, але Езус цалкам у Ёй[2]. Можна разлучыць святло з сонцам, але не Марыю з Езусам. Таму Госпада Езуса можна назваць Марыяй, а Святую Дзеву Марыю — Езусам.
[248] Час не дазваляе мне затрымлівацца тут, каб растлумачыць цудоўнасць і веліч таямніцы Езуса, які жыве і валадарыць у Марыі, ці, іншымі словамі, Уцелаўлення Слова. Таму я задаволюся тым, што скажу ў трох словах, што менавіта ў гэтым першая таямніца Езуса Хрыста, найбольш укрытага, найбольш узвышанага і найменш вядомага. Менавіта ў гэтай таямніцы Езус ва ўлонні Марыі, называны святымі «aula sacramentorum», святыняй Божых таямніцаў, абраў сабе ўсіх святых. Менавіта ў гэтай таямніцы Ён здзейсніў усе таямніцы Свайго жыцця, даўшы на гэта згоду: «Jesus ingrediens mundum dicit: Ecce venio ut faciam, voluntatem tuam». («Прыходзячы ў свет, Езус казаў: «Вось, іду здзейсніць Тваю волю, Божа» пар. Габр 10,7). Таму гэтая таямніца змяшчае ў сабе ўсе іншыя таямніцы, іх ласкі і волю да іх выканання. Нарэшце, гэтая таямніца — гэта трон міласэрнасці, вялікадушнасці і хвалы Божай. Трон міласэрнасці для нас таму, што да Езуса можна наблізіцца і размаўляць з Ім і бачыць Яго толькі праз Марыю і Яе заступніцтва. Езус заўсёды выслухоўвае Сваю дарагую Маці і праз Яе заўсёды ўдзяляе ласкі і міласэрнасць бедным грэшнікам: «Adeamus ergo cum fiducia ad thronum gratiæ». Гэта трон Яго шчодрасці да Марыі, бо гэты новы Адам жыў у гэтым сапраўдным зямным раі, Ён учыніў там столькі таямнічых цудаў, што ані анёлы, ані людзі не могуць іх зразумець. Таму святыя называюць Марыю Раскошай Бога, Magnificentia Dei, так як Бог быў цудоўным толькі ў Марыі, «Solummodo ibi magnificus (est) Dominus». Гэта таксама Трон Яго хвалы дзеля Айца, таму што менавіта ў Марыі Езус Хрыстус дасканала згасіў гнеў Свайго Айца, раззлаванага на людзей, Ён дасканала аднавіў хвалу, якую зруйнаваў грэх, і праз ахвяру Сваёй волі і Самога Сябе прынёс Айцу больш хвалы, чым усе іншыя ахвяры старога закону. І нарэшце — праз Марыю Езус прынёс Айцу бязмежную хвалу, якой Ён ніколі не атрымоўваў ані ад аднаго чалавека.
____________________
[2] Гэтую таямніцу абагаўлення, якую так цяжка выказаць словамі і якая самым дасканалым чынам здзейснілася ў Беззаганнай Дзеве, выказаў тут св. Людвік словамі Апостала: “Ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстос” (пар. Гал 2,20).