Страницы

Вонкавыя практыкаванні: падрыхтоўка і прысвячэнне

 [226] Хоць галоўная сутнасць гэтага набажэнства ўнутраная, ёсць шмат разнастайных знешніх практыкаванняў, якімі не варта пагарджаць. Hæc oportuit facere  et illa non omittere. Часам таму, што гэтыя знешнія практыкаванні, добра ўчыненыя, пабуджаюць да ўнутраных; часам таму, што нагадваюць чалавеку, які кіруецца толькі пачуццямі, што ён зрабіў ці павінен зрабіць; часам таму, што знешнія практыкаванні выхоўваюць у веры бліжняга, які гэта бачыць, бо ўнутраныя недасяжныя зроку. Таму, каб ніхто не крытыкаваў і не казаў, што сапраўднае ўшанаванне ў сэрцы, і трэба пазбягаць яго знешніх праяваў, бо гэта марнасць, і трэба хаваць сваю пабожнасць, я кажу гэтым асобам разам з Настаўнікам: «Няхай святло вашае так  свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 16). Гэта не значыць, кажа святы Грыгорый,  што трэба чыніць знешнія пабожныя практыкаванні, каб падабацца людзям і атрымаць пахвалу, бо гэта ўжо марнасць. Але трэба іх часам рабіць перад людзьмі, каб падабацца Богу і гэтым праслаўляць Яго, не клапоцячыся пра пагарду ці пахвалу з боку людзей. Я вельмі коратка раскажу пра некалькі знешніх практыкаванняў, якія я называю знешнімі не таму, што яны выконваюцца без унутраных пабуджэнняў, але таму, што яны маюць знешнія рысы, каб іх можна было адрозніць ад цалкам унутраных.

      Падрыхтоўка і поўнае прысвячэнне самога сябе

   [227] Першае практыкаванне. Тыя, што захочуць увайсці ў дух гэтага асаблівага ўшанавання, якое не з’яўляецца брацтвам, хоць гэта і пажадана, пасля, як я ўжо казаў у першай частцы «Падрыхтоўкі да надыходу Валадарства Езуса Хрыста», дванаццаці дзён, выкарыстаных на тое, каб ачысціцца ад духа гэтага свету, супярэчнага духу Езуса Хрыста, трэба распачаць наступныя тры тыдні, каб напоўніцца Езусам Хрыстом праз Найсвяцейшую Дзеву. Вось у якім парадку трэба гэта рабіць:

   [228] На працягу першага тыдня яны будуць маліцца і выконваць свае пабожныя справы ў інтэнцыі таго, каб выпрасіць пазнанне сябе саміх і жаль за грахі. Усё гэта трэба рабіць у духу пакоры. Дзеля гэтага яны могуць, калі хтосьці жадае, разважаць над тым, што я сказаў пра наш сапсаваны ўнутраны свет, і гэтыя шэсць дзён глядзець на сябе як на смаўжоў, слімакоў, жабаў, свіней, змеяў і казлоў. Або разважаць над словамі святога Бернарда: «Cogita quid fueris, semen putridum; quid sis vas stercorum; quid futurus sis, esca verminum» («Чым я быў — сапсаваным насеннем, чым я ёсць — судзінай, поўнай бруду, чым я буду — спажывай чарвей»). У гэты перыяд яны будуць прасіць наступнымі словамі нашага Госпада і Духа Святога асвяціць іх: «Domine, ut videam» («Госпадзе, зрабі, каб я ўбачыў»). Будуць штодзённа маліцца гімн «Veni, Sancte Spiritus» і Літанію да Духа Святога з малітвай з першай часткі гэтага твору. Кожны дзень яны будуць прыбягаць да Святой Дзевы і прасіць Яе аб вялікай ласцы, што павінна быць падставай для ўсіх іншых ласкаў. І таму кожны дзень яны будуць маліцца «Ave maris Stella» і Літанію да Маці Божай.

   [229] На працягу другога тыдня яны будуць ахвяраваць усе свае малітвы і штодзённыя добрыя справы, каб пазнаць Найсвяцейшую Дзеву. Яны будуць прасіць гэтага ў Духа Святога. Яны могуць чытаць і разважаць над тым, што пра гэта ўжо было сказана. Як і ў першы тыдзень, яны будуць маліцца ў гэтай інтэнцыі Літанію да Духа Святога і «Ave maris Stella», а таксама штодзённы ружанец (можна адну частку).

   [230]  На працягу трэцяга тыдня яны будуць імкнуцца пазнаць Езуса Хрыста. Яны могуць чытаць і разважаць над тым, што мы пра гэта ўжо сказалі, і маліцца малітвай святога Аўгустына, што была змешчаная на пачатку другога раздзела.  З гэтым святым яны могуць паўтараць сотні разоў на дзень: «Noverim te» («Госпадзе, дапамажы мне пазнаць Цябе!») або «Domine, ut videam» («Госпадзе, зрабі так, каб я ўбачыў, кім Ты ёсць!») Як і раней, яны будуць маліцца Літанію да Духа Святога, «Ave maris Stella» і дададуць Літанію да імя Езуса.

   [231] Напрыканцы гэтых трох тыдняў яны паспавядаюцца, прыступяць да Святой Камуніі з інтэнцыяй аддаць сябе Езусу Хрысту ў якасці нявольніка праз рукі Марыі. Пасля Камуніі прачытаюць акт ахвяравання, які знойдуць ніжэй. Трэба таксама напісаць яго на паперы, калі ён не надрукаваны, і падпісаць у той самы дзень.

   [232] Было б вельмі добра, каб у гэты дзень яны прынеслі якую-небудзь ахвяру Езусу Хрысту і Яго святой Маці за сваю нявернасць абяцанням святога хросту ў мінулым або каб засведчыць сваю залежнасць ад Езуса і Марыі. Гэтая ахвяра павінна адпавядаць пабожнасці і магчымасцям кожнага. Гэта можа быць пост, утаймаванне плоці, грашовая ахвяра, свечка. Нават калі хтосьці дасць самую найменшую рэч, але са шчырым сэрцам, Езусу гэтага будзе досыць, бо Ён глядзіць толькі на добрую волю.

   [233] Кожны год у той самы дзень яны будуць аднаўляць гэтае прысвячэнне, выконваючы тыя самыя практыкаванні на працягу трох тыдняў.

   Яны могуць яго аднаўляць таксама кожны месяц і кожны дзень вось гэтай кароткай формулай: «Tuus totus ego sum,  et omnia mea tua sunt» («Я ўвесь Твой, і ўсё, што я маю, належыць Табе, о мой любы Езу, праз Марыю, Тваю святую Маці»).