Страницы

Вонкавыя практыкаванні: вяночак да Святой Дзевы і маленькі ланцужок

Маліцца маленькі вяночак да Святой Дзевы

   [234] Другое практыкаванне. Кожны дзень свайго жыцця, наколькі гэта магчыма, яны будуць маліцца маленькі вяночак да Найсвяцейшай Дзевы, які складаецца з трох Pater і дванаццаці Ave ў гонар дванаццаці прывілеяў Найсвяцейшай Дзевы[1]. Гэтае практыкаванне вельмі старажытнае і мае сваю падставу ў Святым Пісанні. Святы Ян бачыў жанчыну з каронай з дванаццаці зорак, апранутую ў сонца з месяцам пад нагамі. Гэтая жанчына — Найсвяцейшая Дзева.

   [235] Ёсць шмат спосабаў добра яго маліцца, і было б вельмі доўга іх пералічваць. Дух Святы навучыць гэтаму самых верных дадзенаму практыкаванню. Аднак спачатку трэба сказаць: «Dignare me laudare te, Virgo sacrata; da mihi virtutem contra hostes tuos» («Дазволь мне хваліць Цябе, Святая Дзева; дай мне моц супрацьстаяць ворагам Тваім»). Далей трэба памаліцца «Credo», потым адно «Pater», далей чатыры «Ave Maria» і адно «Gloria Patri»; ізноў адно «Pater», чатыры «Ave», адно «Gloria Patri»; яшчэ раз тое самае. У канцы памаліцца «Пад Тваю абарону».

      Насіць маленькі жалезны ланцужок

   [236] Трэцяе практыкаванне. Вельмі хвалебная і карысная рэч для тых, што стануць нявольнікамі Езуса ў Марыі, — насіць як знак свайго нявольніцтва з любові спецыяльна асвечаны маленькі жалезны ланцужок.

   Усе гэтыя вонкавыя знакі не галоўнае, і, тым, хто хоча практыкаваць гэтую форму ўшанавання, без іх можна абысціся. Аднак, я не магу не пахваліць тых, што, скінуўшы саромныя ланцугі нявольніцтва д’ябла, першароднага ці сённяшняга граху, добраахвотна сталіся нявольнікамі Езуса Хрыста і цяпер са святым Паўлам хваляцца тым, што знаходзяцца ў ланцугах Езуса Хрыста, у тысячу разоў больш хвалебных і каштоўных,  хоць і з жалеза і не бліскучых, як каралі зямных імператараў.

   [237] Хоць раней не было нічога больш ганебнага за крыж, сёння гэтае дрэва з’яўляецца самым хвалебным у хрысціянстве. Скажам тое самае пра ланцугі нявольніцтва. Раней гэта было самым ганебным, нават у язычнікаў. Але ў хрысціянаў няма нічога больш хвалебнага за ланцугі Езуса Хрыста, таму што яны вызваляюць нас з ганебных повязяў граху і дэмана, таму што яны робяць нас вольнымі і яднаюць з Езусам і Марыяй, не з прымусу, як катаржнікаў, але міласэрнасцю і любоўю, як дзяцей: «Traham eos in vinculis charitafis» (Осія 4, 2): «Я прыцягну іх да Сябе,» - кажа Бог вуснамі прарока, ланцугамі любові, моцнымі, як смерць, і нават мацнейшымі ў тых, што будуць верна насіць гэтыя хвалебныя знакі да самай смерці. Бо хоць смерць і знішчае цела і ператварае ў тлен, яна не зможа знішчыць повязі іх нявольніцтва, бо яны жалезныя і не так лёгка знішчаюцца. І, магчыма, у дзень уваскрашэння цела, на вялікім апошнім судзе, гэтыя ланцугі, што будуць звязваць іх косці, стануцца часткай іх хвалы і ператворацца ў ланцугі святла і хвалы. Таму тысячакроць шчаслівыя нявольнікі Езуса ў Марыі, што будуць насіць гэтыя ланцугі да магілы!

   [238] Вось чаму трэба насіць гэтыя маленькія ланцужкі:

   Па-першае, дзеля таго, каб нагадваць хрысціяніну абяцанні і абавязкі святога хросту, аб тым, што яны былі адноўленыя праз гэтае набажэнства, і непасрэдным абавязку заставацца верным. Паколькі чалавек кіруецца больш пачуццямі, чым верай, ён лёгка забываецца пра абавязкі перад Богам, калі ніякі бачны знак не нагадвае яму пра гэта. А гэтыя маленькія ланцужкі цудоўна служаць хрысціяніну, каб нагадаць яму пра повязі граху і нявольніцтва ў дэмана, з якога яго вызваліў святы хрост, а таксама пра залежнасць ад Езуса Хрыста, якую ён абяцаў таксама падчас святога хросту і пацвердзіў праз аднаўленне сваіх абяцанняў. Адной з прычынаў таго, што хрысціяне так мала думаюць пра абяцанні святога хросту і жывуць у распусце, як быццам бы нічога не абяцалі Богу і як язычнікі, — гэта тое, што яны не носяць ніякага знешняга знаку, які б ім гэта нагадваў.

   [239] Па-другое, гэта патрэбна дзеля таго, каб паказаць, што мы не саромеемся нявольніцтва і служэння Езусу Хрысту і адмаўляемся ад нявольніцтва гэтага свету, ад граху і ад дэмана.

   Па-трэцяе, дзеля таго, каб абараніць сябе і захаваць ад ланцугоў граху і дэмана. Таму што або мы будзем насіць ланцугі несправядлівасці, або ланцугі міласэрнасці і збаўлення: «Vincula peccatorum; in vinculis charitatis».

   [240] О мой дарагі брат, давай жа разарвем ланцугі граху і грэшнікаў, свету і тых, што яму належаць, д’ябла і яго паплечнікаў і адкінем прэч ад сябе яго згубнае ярмо: «Dirumpamus vincula eorum et projiciamus a nobis jugum ipsorum». Паставім нашыя стопы ў хвалебнае жалеза і нашую шыю апранем у Яго каралі: «Injice pedem tuum in compedes illius, et in torques illius collum tuum» (Сірах 27, 2). Схілім нашыя плечы і панясем Мудрасць, Езуса Хрыста, і не будзем сумаваць пад цяжарам гэтых ланцугоў:  «Subjice humerum tuum et porta illam, et ne acedieris vinculis ejus» («Накладзі на ногі твае путы яе і на шыю сваю ланцуг яе» Сірах 6, 25). Заўваж, аднак, што Дух Святы, перш чым сказаць гэтыя словы, рыхтуе да гэтага душу, каб яна не адкінула Яго важную параду. Вось што Ён кажа: «Audi, fili, et accipe  consilium intellectus, et ne abjicias  consilium meum» (Экл 6). «Паслухай, сын мой, і прымі маю параду і не адкідвай яе».

   [241] Ці хочаш ты, мой дарагі сябра, каб я з’яднаўся з Духам Святым, каб даць табе тую самую параду: «Vincula illius alligatura salutis» (Сірах 6). («Гэтыя ланцугі — ланцугі збаўлення. Паколькі Езус Хрыстус на крыжы павінен усіх прыцягнуць да Сябе, воляй-няволяй, то грэшнікаў Ён прыцягне ланцугамі граху, каб звязаць іх, як катаржнікаў і д’яблаў, дзеля свайго вечнага гневу і караючай справядлівасці, а прызначаных Ён прыцягне, асабліва ў апошнія часы, ланцугамі міласэрнасці: «Omnia traham ad meipsum. Traham eos in vinculis charitatis» (Осія 4).

   [242] Гэтыя нявольнікі любові Езуса Хрыста, ці закаваныя ў Яго ланцугі, vincti Christi, могуць насіць свае маленькія ланцужкі на шыі, на руцэ, на поясе ці на назе. Айцец Вінцэнт Гарафа, сёмы генерал Езуітаў, што памёр у святасці ў 1643 годзе, насіў на назе ланцужок у знак свайго нявольніцтва і казаў, што вельмі перажывае з-за таго, што не мог насіць яго адкрыта. Маці Агнешка ад Езуса, пра якую мы ўжо казалі, насіла ланцужок на поясе. Некоторыя іншыя насілі яго на шыі як пакуту за тое, што ў свеце насілі каралі з каштоўных камянёў. Іншыя насілі на руцэ, каб памятаць падчас працы, што яны нявольнікі Езуса Хрыста.

_______________

[1] Глядзі ў https://ludvik-de-manfor.blogspot.com/p/blog-page_31.html