[174] Гэта тое, што кажа святы Бернард, каб заахвоціць нас да гэтага практыкавання: «Калі Яна цябе падтрымлівае, ты не ўпадзеш; калі Яна цябе абараняе, ты не будзеш баяцца; калі Яна вядзе цябе, ты не стомішся; калі Яна добразычлівая да цябе, ты дасягнеш порту збаўлення (Ipsa tenente, non corruis, ipsa protegente, non metuis; ipsa duce, non fatigaris; ipsa propitia, pervenis)» (Serm. super Missus).
Святы Банавэнтура, здаецца, кажа тое самае, але больш выразна: «Святая Дзева, — кажа ён, — не толькі сама захаваная ў поўні святасці, але Яна яшчэ захоўвае святых у поўні іх святасці, каб яна не паменшылася. Яна не дазваляе, каб згубіліся іх цноты, заслугі і ласкі, захоўвае іх, каб дэманы ім не зашкодзілі. Нарэшце, Яна не дазваляе нашаму Госпаду караць іх, калі яны грашаць (Virgo non solum in plenitudine sanctorum detinetur, sed etiam in plenitudine sanctos detinet, ne plenitudo minuatur; detinet virtutes nefugiant; detinet merita ne pereant; detinet gratias ne effluant; detinet daemones ne noceant; detinet Filium ne peccatores percutiat)» (S. Bon., in Speculo B. V.).
[175] Найсвяцейшая Дзева — гэта Дзева верная, якая праз сваю вернасць выправіла памылкі нявернай Евы, учыненыя праз яе нявернасць. Яна таксама ўдзяляе ласку вернасці Богу тым, што Ёй давяраюць. Таму святы параўноўвае Яе з моцным якарам, які іх утрымлівае і захоўвае ад катастрофы на бурлівым моры гэтага свету, дзе гінуць тыя, што не хапаюцца за гэты моцны якар. «Мы прывязваем, — кажа святы, — душы да Тваёй святой надзеі, як да моцнага якара (Animas ad spem tuam sicut ad firmam anchoram alligamus)». Святыя, якія ўратаваліся і ўратавалі іншых, менавіта да Яе былі найбольш прывязаныя і прывязвалі іншых, каб вытрываць у цнотах. Шчаслівыя і тысячакроць шчаслівыя хрысціяне, што верна і цалкам прывязваюцца да Яе, як да моцнага якара. Хвалі мора гэтага бурлівага свету не затопяць іх і не загубяць іх нябесныя скарбы. Шчаслівыя тыя, што ўваходзяць у Яе, як у Ноеў Каўчэг! Воды патопу грахоў, у якіх загінула столькі душаў, не зашкодзяць ім, таму што: «Qui operantur in me non peccabunt (Тыя, што ўва мне, каб працаваць над сваім збаўленнем, не зграшаць), - кажа Яна разам з Мудрасцю. Шчаслівыя няверныя дзеці нешчаслівай Евы, што прывязваюцца да Марыі, Дзевы вернай, якая заўсёды трывае ў Сваёй вернасці і ніколі не падводзіць (Fidelis permanet, se ipsam negare non potes) і любіць тых, што Яе любяць («Ego diligentes me diligo»), любоўю не толькі чулай, але дзейснай і плённай, перашкаджаючы багаццем Сваіх ласкаў збочыць са шляху цнотаў ці ўпасці ў грэх, губляючы пры гэтым ласкі Яе Сына.
[176] Гэтая добрая Маці з чыстай міласэрнасцю прымае ўсё, што Ёй даюць на захаванне. І як толькі Яна атрымлівае нешта ад нас на захаванне, моцай справядлівасці Яна абавязаная захаваць гэта для нас. Гэта як той, каму б я даверыў на захаванне тысячу экю. Гэтая асоба была б абавязаная захоўваць іх дзеля мяне. І калі б з-за нядбайнасці гэтая асоба згубіла мае тысячу экю, яна была б адказная за гэта ў сілу справядлівасці. Але ж не, ніколі верная Марыя не згубіць па нядбайнасці тое, што Ёй даверылі. Неба і зямля хутчэй пройдуць, чым Яна будзе нядбайнай і нявернай у дачыненні тых, што Ёй даверыліся.
[177] Бедныя дзеці Марыі, вашая слабасць і нясталасць такія вялікія, ваш унутраны свет такі сапсаваны. Я кажу, вас выцягнулі з той самай масы сапсаваных дзяцей Адама і Евы. Але не адчайвайцеся з-за гэтага, суцешцеся і ўзрадуйцеся: вось таямніца, якой я вас навучаю, таямніца, пра якую не ведае амаль ніхто з хрысціянаў, нават самых пабожных.
Не пакідайце вашага скарбу ў сваіх куфарах, разбітых і абкрадзеных злым духам, бо яны занадта маленькія, крохкія і старыя, каб захаваць такі вялікі і каштоўны скарб. Не ўлівайце чыстай і светлай крынічнай вады ў свае сапсаваныя судзіны. Нават калі там ужо няма граху, там усё яшчэ застаецца яго брыдкі пах, і вада будзе забруджаная. Не ўлівайце вашага вытанчанага віна ў старыя бочкі, у якіх да гэтага было дрэннае віно, бо яно можа сапсаваць добрае і разліцца.
[178] Хоць вы добра мяне разумееце, душы прызначаныя, я буду казаць яшчэ больш адкрыта. Не хавайце золата вашай міласэрнасці, ані срэбра вашай чысціні, ані водаў нябесных ласкаў, ані віна вашых заслугаў і цнотаў у дзіравай торбе, у разбітым і старым куфры, у сапсаванай судзіне, якімі вы з’яўляецеся, бо тады вы будзеце абкрадзеныя злачынцамі, гэта значыць, дэманамі, што шукаюць і сноўдаюць удзень і ўначы, каб гэта зрабіць. Вы можаце забрудзіць дрэнным пахам самалюбства, сваволля і спадзявання на саміх сябе ўсё самае чыстае, што вам дае Бог. Складзіце ў Сэрцы Марыі ўсе вашыя скарбы, ласкі і цноты, бо Яна — Святыня духоўная, Святыня годная, Святыня пабожнасці («Vas spirituale, vas honorabile, vas insigne devotionis»). Як толькі сам Бог схаваўся ў гэтай Святыні з усёй сваёй дасканаласцю, Яна Сама сталася цалкам духоўнай і ператварылася ў духоўны прытулак самых адухаўлёных душаў, Яна сталася годным Пасадам самых вялікіх князёў вечнасці, Святыняй пабожнасці і Прытулкам душаў, што найбольш ззяюць лагоднасцю, ласкамі і цнотамі. Нарэшце, Яна сталася багатай, як залаты дом, моцнай, як вежа Давідава, і чыстай, як слановая косць.
[179] O, які ж шчаслівы чалавек, які ўсё даверыў Марыі і сам цалкам даверыўся і згубіўся ў Ёй! Ён цалкам належыць Марыі, і Марыя цалкам належыць яму. Ён смела можа сказаць разам з Давідам: «Haec facta est mihi» («Марыя створаная дзеля мяне»). Ці разам з улюбёным вучнем: «Accepi eam in mea.» («Я ўзяў Яе як цалкам сваё дабро»). Або разам з Езусам Хрыстом: «Omnia mea tua sunt, et omnia tua mea sunt» («Усё, што я маю, Тваё, і ўсё, што Ты маеш, маё»).
[180] Калі нейкі крытыкан, што чытае гэтыя словы, думае, што я перабольшваю ці кажу ад неўтаймаванай пабожнасці, на жаль, ён мяне не разумее. Можа, таму, што ён занадта матэрыяльны і не можа скаштаваць духоўных рэчаў, можа, таму, што ён цалкам належыць свету і не можа атрымаць святло Духа Святога, а можа, таму, што ганарлівы і любіць крытыкаваць і асуджае ўсё, чаго не разумее. Але душы, што нарадзіліся не ад жадання крыві, не ад жадання цела, не ад жадання чалавека, але ад Бога і Марыі, зразумеюць мяне і скаштуюць тое, што я кажу. І менавіта для іх я гэта пішу.
[181] Кажу, аднак, як для адных, так і для другіх, што Боская Марыя, самая шчырая і міласэрная за ўсе іншыя стварэнні, ніколі не дазволіць пераўзысці Сябе ў любові і вялікадушнасці. Яна заўсёды вяртае стакроць больш, кажа святы. Гэта значыць, што, калі мы даем тую малую долю, што ў нас ёсць, Яна дае нам з той большай долі, якую атрымала ад Бога. Калі душа аддаецца Ёй дарэшты, Яна таксама цалкам аддаецца гэтай душы. Калі душа без ганарлівасці і саманадзейнасці пакладае ў Ёй усю сваю надзею, здабываючы цноты і перамагаючы свае злыя схільнасці, то і Марыя цалкам аддаецца той душы.
[182] Няхай жа верныя слугі Святой Дзевы смела кажуць са святым Янам Дамаскіным: "Давяраючы Табе, о Маці Божая, я буду ўратаваны; пад Тваёй апекай я нічога не буду баяцца; з Тваёй дапамогай я перамагу і праганю ўсіх маіх ворагаў. Бо ўшанаванне Цябе — гэта зброя збаўлення, якую Бог дае тым, што хочуць уратавацца: «Spem tuam habens, o Deipara, servabor; defensionem tuam possidens, non timebo; persequar inimicos meos et in fugam vertam, habens protectionem tuam et auxilium tuum; nam tibi devotum esse est arma quaedam salutis quae Deus his dat quos vult salvos fieri» (Joan. Damas., ser. de Annuntiat).