[91] Таму вельмі важна ведаць, па-першае, ілжывыя формы ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы, каб іх пазбегнуць, а потым сапраўдныя, каб практыкаваць іх. Па-другое, трэба ведаць, які з розных спосабаў практыкавання сапраўднага ўшанавання Святой Дзевы з’яўляецца найпрыемнейшым для Святой Дзевы, найхвалебнейшым для Бога і найасвячальнейшым для нас.
Ілжывыя ўшанаванні і хлуслівыя ўшанавальнікі Найсвяцейшай Дзевы
[92] Я ведаю сем кшталтаў ілжывіх ушанаванняў і ілжывых ушанавальнікаў Святой Дзевы, а менавіта: 1) крытыканы; 2) скрупулёзы; 3) павярхоўнікі; 4) саманадзейныя; 5) нясталыя; 6) крывадушнікі; 7) карыслівыя.
Тыя, што ўшаноўваюць крытычна.
[93] Крытычныя ўшанавальнікі — зазвычай гэта ганарлівыя навукоўцы, асобы моцныя і самадастатковыя, якія ў душы нейкім чынам ушаноўваюць Святую Дзеву, але крытыкуюць усе спосабы практыкавання гэтага ўшанавання, якія простыя людзі проста і свята практыкуюць у гонар гэтай добрай Маці. А крытыкуюць таму, што гэта не адпавядае іх скажоным уяўленням. Яны паддаюць сумневу ўсе цуды і гісторыі, распаведзеныя вартымі даверу асобамі альбо запісаныя ў хроніках манастыроў, якія вераць у міласэрнасць і моц Найсвяцейшай Дзевы. Яны з цяжкасцю зносяць простых і пакорлівых людзей, што моляцца на каленях перад алтаром ці абразом Маці Божай, а часам прыпыняюцца на вуглу вуліцы, каб памаліцца Богу. Яны нават абвінаваючваюць іх у ідалапаклонстве — так, як быццам бы яны пакланяліся дрэву ці каменю. Яны кажуць, што не любяць гэтых знешніх набажэнстваў і занадта слабыя, каб паверыць у гэтыя гісторыі, якія апавядаюць пра Святую Дзеву. Калі ім прапаноўваюць цудоўныя праслаўленні Святых Айцоў у гонар Святой Дзевы, яны адказваюць, што гэта аратарскія перабольшванні, або кепска тлумачаць іх словы.
Гэтага кшталту ілжывых ушанавальнікаў і ганарліўцаў трэба асцерагацца, бо яны наносяць вялікую шкоду сапраўднаму ўшанаванню Найсвяцейшай Дзевы і аддаляюць ад яго іншых пад прэтэкстам змагання супраць злоўжыванняў.
Тыя, што ўшаноўваюць скрупулёзна.
[94] Скрупулёзы — гэта людзі, якія баяцца абразіць Сына, ушаноўваючы Маці, панізіць аднаго, узвышаючы другога. Яны не зносяць, калі Святой Дзеве аддаюць справядлівую пашану, якую Ёй аддавалі Святыя Айцы. Яны не зносяць, калі бачаць, што перад алтаром Святой Дзевы больш людзей, чым перад Найсвяцейшым Сакрамантам, так, як быццам бы адно супярэчыла другому; так, як быццам бы тыя, што моляцца да Святой Дзевы, не моляцца да Езуса Хрыста праз Яе! Яны не хочуць, каб пра Святую Дзеву казалі занадта часта і часта звярталіся да Яе.
Вось некалькі ўласцівых ім фразаў: “Навошта столькі ружанцаў, столькі брацтваў і знешніх набажэнстваў да Святой Дзевы?”, “Яны зусім нічога не ведаюць”, “Гэта робіць смешным нашую веру”, “Мы прызнаем толькі тых, хто моліцца да Езуса Хрыста (кажуць яны, часта не хаваючыся; я пішу пра гэта ў дужках): трэба прыбягаць да Езуса Хрыста — адзінага Пасрэдніка. Трэба абвяшчаць Езуса Хрыста — толькі гэта вартае!
Тое, што яны кажуць, у нейкім сэнсе праўда. Але з-за намаганняў, якія яны робяць, каб перашкодзіць ушанаванню Святой Дзевы, гэта робіцца вельмі небяспечным. Гэта тонкая пастка злога, якую ён ставіць пад прэтэкстам большага дабра. Але ніколі мы не аддаем большай пашаны Езусу Хрысту, чым калі аддаем большую пашану Найсвяцейшай Дзеве. І Яе мы ўшаноўваем, каб больш дасканала ўшаноўваць Езуса Хрыста. І ідзем мы да Яе, як да шляху, каб знайсці мэту, да якой мы ідзем — да Езуса Хрыста.
[95] Святы Касцёл з Духам Святым бласлаўляе спачатку Святую Дзеву, а потым Езуса Хрыста: «Benedicta tu in mulieribus, et benedictus fructus ventris tui, Jesus». Не таму, што Святая Дзева большая за Езуса Хрыста ці роўная Яму: гэта было б незраўнанай ерассю. Але дзеля таго, каб больш дасканала блаславіць Езуса Хрыста, трэба спачатку блаславіць Марыю. Таму скажам разам з усімі сапраўднымі прыхільнікамі Святой Дзевы супраць гэтых скрупулёзаў: O Mарыя, блаславёная Ты паміж жанчынамі, і блаславёны плод улоння Твайго, Езус.
Тыя, што ўшаноўваюць павярхоўна.
[96] Наступная катэгорыя — гэта людзі, што ўшаноўваюць знешне. Дзеля іх уся марыйная побожнасць — гэта знешнія практыкі. Ім даспадобы толькі знешняе ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы, бо яны не маюць унутранага Духа. Яны наспех моляцца ружанец, часта без увагі ўдзельнічаюць у Святой Імшы, без пабожнасці ідуць у працэсіі, уступаюць ува ўсе марыйныя брацтвы, не выпраўляючы ані свайго жыцця, ані сваіх дрэнных схільнасцяў, ані не наслядуючы цноты гэтай Святой Дзевы. Яны любяць толькі знешні бок ушанавання, звязаны з пачуццямі, не кранаючыся глыбіні. Калі яны нічога не адчуваюць, то пачынаюць думаць, што больш нічога не робяць, і адразу ж усё кідаюць або робяць нядбайна. У свеце шмат такіх павярхоўных ушанавальнікаў, і ніхто так не крытыкуе людзей малітвы, якія ўнутраны бок лічаць галоўным і адначасова не пагарджаюць знешняй сціпласцю, якая заўсёды ідзе побач з сапраўднай пабожнасцю.