Страницы

Першы і другі матывы, якія павінны нас заахвоціць да ўшанавання НПМ

 [135] Першы матыў, які паказвае нам цудоўнасць гэтага прысвячэння сябе Езусу Хрысту праз рукі Марыі.

 Калі на зямлі нельга знайсці больш узвышанай працы, чым служэнне Богу, калі найменшы слуга Божы багацейшы, мацнейшы і шляхетнейшы за ўсіх цароў і імператараў зямлі, што не былі слугамі Бога, то якія ж тады багацці, магутнасць і годнасць у вернага і дасканалага слугі Божага, адданага Яго службе, цалкам бяз рэшты і настолькі, наколькі можа ім быць! Менавіта такім з’яўляецца верны і закаханы слуга Езуса і Марыі, што цалкам аддаўся служэнню гэтаму Цару цароў праз Марыю і нічога не пакінуў дзеля сябе: усё золата зямлі і хараство нябёсаў не змогуць зраўнацца з каштоўнасцю такога слугі.

   [136] Шматлікія кангрэгацыі, супольнасці і брацтвы, заснаваныя ў гонар нашага Госпада і Яго святой Маці, якія даюць вельмі шмат карысных рэчаў хрысціянству, не кажуць аддаваць усё бяз рэшты. Яны загадваюць сваім супольнікам рабіць толькі пэўныя практыкаванні і ўчынкі, праз якія яны выконваюць свае абавязкі.  Яны застаюцца вольнымі адносна іншых учынкаў і выкарыстоўвання свайго асабістага часу. А гэтае набажэнства загадвае ўсё аддаць Езусу і Марыі дарэшты: усе свае думкі, словы, ўчынкі, пакуты і ўвесь свой асабісты час, каб, ці чуваем мы ці спім, ці п’ем ці ядзім, ці робім маленькія справы ці вялікія, мы маглі шчыра сказаць, што ўсё, што мы робім, нават калі пра гэта не думаем, моцай нашага прысвячэння з’яўляецца ўласнасцю Езуса і Марыі, пакуль мы выразна ад яго не адмовімся. Якое суцяшэнне!

   [137] Тым больш, як я ўжо сказаў, што няма лепшага сродку, праз які можна было б лёгка пазбавіцца звычаю шукання сябе, які незаўважна  ўкрадаецца ў нашыя найлепшыя ўчынкі. А наш добры Езус дае вялікую ласку душы, каб узнагародзіць за гэты гераічны і бескарыслівы ўчынак, ахвяруючы праз Сваю святую Маці ўсю вартасць яе добрых справаў. Калі Ён дае стакроць тым, што нават у гэтым жыцці з любові да Яго пакідаюць знешнія, часовыя і згубныя даброты, то як жа Ён узнагародзіць тых, што прысвяцілі Яму нават свае ўнутраныя і духоўныя даброты!

   [138] Езус, наш вялікі сябра, аддаўся нам дарэшты, целам і душой, разам з цнотамі, ласкамі і заслугамі: «Se toto totum me comparavit», — кажа святы Бернард («Ён цалкам заваяваў мяне, цалкам аддаючыся мне»). Ці гэта не патрабаванне справядлівасці і ўдзячнасці — аддаць Яму цяпер усё, што мы можам Яму даць? Ён першым быў шчодрым да нас. Цяпер нашая чарга. І тады мы спазнаем у гэтым жыцці, у хвіліну смерці і ў вечнасці яшчэ большую Яго шчодрасць: Cum liberali liberalis erit.

    [139] Другі матыў, які паказвае нам, што вельмі патрэбна і карысна для хрысціяніна цалкам прысвяціць сябе Найсвяцейшай Дзеве, каб больш дасканала належаць Езусу Хрысту.

   Гэты добры Настаўнік не пасаромеўся замкнуцца ва ўлонні Святой Дзевы як вязень і нявольнік любові і быць Ёй паслухмяным і падданым трыццаць гадоў. І тут, паўтараю, чалавечы розум губляецца, калі пачынае сур’ёзна разважаць над гэтымі паводзінамі Уцелаўлёнай Мудрасці, якая не пажадала аддацца людзям адразу, але толькі праз Найсвяцейшую Дзеву, і не пажадала прыйсці ў свет дарослым незалежным чалавекам, але бедным маленькім дзіцяткам, залежным ад Сваёй святой Маці. Гэтая бясконцая Мудрасць, якая нязмерна жадала праславіць Бога — Свайго Айца і ўратаваць людзей, не знайшла найлепшага і найпрасцейшага сродку гэта зрабіць, як ува ўсім падпарадкавацца Найсвяцейшай Дзеве, і не толькі на працягу першых васьмі, дзесяці ці адзінаццаці гадоў свайго жыцця, як іншыя дзеці, але трыццаці. І сваім трыццацігадовым падпарадкаваннем і залежнасцю ад Найсвяцейшай Девы Яна праславіла Бога — Свайго Айца больш, чым калі б Яна выкарыстала гэты час на цуды, абвяшчэнне Добрай Навіны па ўсёй зямлі, навяртанне грэшнікаў. Калі б так, то Яна б гэта зрабіла. O! Праслаўляйце велічна Бога, падпарадкоўваючыся Марыі па прыкладзе Езуса!

   Маючы перад сваімі вачыма такі выразны і вядомы прыклад, ці можам мы быць настолькі неразважлівымі, каб шукаць больш дасканалы  сродак і больш кароткі  шлях, каб праславіць Бога, замест таго, каб падпарадкавацца Марыі па прыкладзе Яе Сына?

   [140] Каб даказаць неабходнасць нашай залежнасці ад Найсвяцейшай Дзевы, трэба нагадаць сабе ўсё тое, што я сказаў, спасылаючыся на прыклад Айца, Сына і Духа Святога. Айцец даў і дае нам Сына толькі праз Яе, фармуе сабе дзяцей толькі праз Яе і надзяляе Сваімі ласкамі толькі праз Яе. Бог Сын прыняў людское цела дзеля ўсяго свету толькі праз Яе, кожны дзень Ён фармуецца і робіцца прысутным толькі праз Яе ў еднасці з Духам Святым і надзяляе сваімі цнотамі і заслугамі толькі праз Яе. Бог Дух Святы ўфармаваў Езуса толькі праз Марыю, толькі ў Ёй фармуе часткі Яго Містычнага Цела і размяркоўвае Свае дары і ласкі толькі праз Яе. Пасля столькіх прыгожых прыкладаў Святой Тройцы ці можам мы абысціся без Марыі і не прысвяціць сябе Ёй, каб належаць Ёй і праз Яе ісці да Бога і ахвяраваць сябе Яму? Калі б так, мы былі б зусім сляпымі.

   [141]  Вось некалькі лацінскіх урыўкаў са святых Айцоў, каб даказаць тое, што я толькі што сказаў: «Duo filii Mariae sunt, homo Deus et homo purus; unius corporaliter; et alterius  spiritualiter mater est  Maria» (святы Банавэнтура і Арыген)[1].

  «Haec est voluntas Dei, qui totum nos voluit habere per Mariam; ac proinde, si quid spei, si quid gratiae, si quid salutis ab ea noverimus redundare» (святы Бернардын)[2].

   «Omnia dona, virtutes et gratiae ipsius Spiritus Sancti, quibus vult, quando vult, quomodo vult et quantum vult per ipsius manus administrantur» (святы Бернардын)[3].

   «Qui indignus eras cui daretur, datum est Mariæ, ut per eam acciperes quidquid haberes» (святы Бернард)[4].

   [142]  Бог, бачучы нашую нягоднасць атрымаць ласкі беспасрэдна з Яго рук, кажа святы Бернард, дае іх Марыі, каб праз Яе мы мелі ўсё тое, што Ён хоча нам даць. Ён таксама лічыць хвалебным для Сябе атрымаць праз Яе рукі падзяку, пашану і любоў, якія мы павінны Яму даць, каб падзякаваць за Яго дары. І вельмі слушна, калі мы будзем ісці за прыкладам Бога, каб, як кажа той самы святы Бернард, ласка вярнулася да свайго аўтара тым самым шляхам, што і прыйшла: «Ut eodem alveo ad largitorem gratia redeat quo fluxit».

   Гэта тое, што адбываецца праз гэтае ўшанаванне: мы ахвяруем і прысвячаем усё, чым мы ёсць, Найсвяцейшай Дзеве Марыі, каб наш Госпад атрымаў праз Яе нашую хвалу і ўдзячнасць. Мы прызнаем сябе ня годнымі і ня здольнымі самім наблізіцца да Яго бясконцай Велічы і таму прыбягаем да заступніцтва Найсвяцейшай Дзевы.

   [143] Тым больш, што ў гэтым мы практыкуем вялікую пакору, якую Бог любіць больш за ўсе іншыя цноты. Душа, якая ўзвышае сябе, паніжае Бога, а душа, што паніжае сябе, узвялічвае Бога. Бог супраціўляецца ганарлівым і дае ласку пакорным. Калі вы прыніжаеце сябе, лічучы сябе ня годнымі паўстаць перад Ім і да Яго наблізіцца, Ён сыходзіць, каб прыйсці да нас, каб знайсці ў нас Сваё ўпадабанне і ўзвялічыць. І наадварот: калі мы дзёрзка набліжаемся да Бога без пасрэдніка, тады Бог аддаляецца, і нельга да Яго наблізіцца. O! Як жа Ён любіць пакору сэрца! Менавіта гэтай пакоры дае практыкаванне гэтай формы ўшанавання, бо яно вучыць ніколі самому не набліжацца да Бога, хоць Ён пяшчотны і міласэрны,  але заўсёды праз заступніцтва Святой Дзевы: часам каб прыйсці да Бога, часам каб пагаварыць з Ім, часам каб проста наблізіцца да Яго, часам каб ахвяраваць нешта ці з’яднацца і прысвяціць сябе Яму. 

_________________________________
[1] У Марыі ёсць два Сыны: Бог-Чалавек і звычайны чалавек; аднаму Яна Маці цялесная, другому — Маці духоўная.

[2] Менавіта такая воля Божая, Які прагне, каб у нас усё было праз Марыю. Калі ў нас ёсць нейкая надзея, нейкая ласка, нейкі збавенны дар, то мы ведаем, што гэта ўсё дзякуючы Ёй.

[3] Усе дары, цноты і ласкі Духа Святога Марыя размяркоўвае Сваімі рукамі, калі хоча, як хоча і каму хоча.

[4] Вы былі не вартымі атрымаць ласкі Божыя, таму яны былі дадзеныя Марыі, каб праз Яе ў вас было ўсё, што вы калі-кольвек атрымаеце.