Гісторыя Якуба і Эсава
[184] Эсаў прадаў Якубу сваё права паршародства. Рэбэка, маці абодвух сыноў, якая вельмі любіла Якуба, праз некалькі гадоў святым таямнічым спосабам падрыхтавала яму гэты прывілей. Калі Ісаак пачуў сябе лепей, ён пажадаў блаславіць сваіх сыноў перад смерцю і паклікаў Эсава, якога любіў больш, загадаў яму пайсці на паляванне і прыгатаваць ежу, каб потым ён мог яго блаславіць. Рэбэка хутка папярэдзіла пра гэта Якуба і загадала яму ўзяць двух казлянят са статку. Калі ён прынёс іх маці, яна прыгатавала Ісааку страву, якую ён любіў. Потым апранула Якуба ў адзенне Эсава, пакрыла яго рукі скурай казлянятаў, каб бацька, які быў ужо сляпы, чуючы словы Якуба, падумаў, што гэта яго брат Эсаў. Ісаак, праўда, быў здзіўлены, пачуўшы голас Якуба, сказаў яму падысці, потым дакрануўся да казлінай скуры, якой былі пакрытыя яго рукі. Ён сказаў, што гэта голас Якуба, але рукі ўсё ж такі Эсава. Пасля таго, як Ісаак паеў і, пацалаваўшы Якуба, адчуў пах адзення яго брата, ён яго блаславіў і пажадаў яму расы неба і плённасці зямлі. Ён паставіў яго гаспадаром над усімі братамі і скончыў блаславенства наступнымі словамі: «Няхай той, што будзе цябе праклінаць, сам будзе пракляты, а той, хто цябе будзе блаславіць, няхай будзе поўны блаславенства».
Як толькі Ісаак скончыў свае словы, увайшоў Эсаў і прынёс ежу, якую згатаваў з таго, што здабыў на паляванні, каб бацька яго блаславіў. Гэты святы патрыярх быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся пра ўсё, што толькі што адбылося. Але ён ужо не мог адмовіцца ад таго, што зрабіў, і нават наадворот, бачучы ў гэтым правіцу Госпада, пацвердзіў. Эсаў жа, як падае Святое Пісанне, вельмі разгневаўся і моцна абвінаваціў у падмане свайго брата. Ён запытаўся ў бацькі, ці той меў толькі адно блаславенства. Святыя Айцы кажуць, што Эсаў — гэта вобраз тых, што хочуць аб’яднаць Бога і гэты свет і карыстацца адначасова суцяшэннем неба і ўцехамі зямлі. Ісаак, крануты адчаем Эсава, блаславіў і яго, але зямным блаславенствам і зрабіў яго падданым брату. Гэта нарадзіла ў ім зларадную нянавісць да Якуба, і ён пачаў чакаць смерці Ісаака, каб забіць брата. Якуб не змог бы пазбегчы смерці, калі б Рэбэка, яго маці, не дапамагла яму сваімі парадамі і прадбачлівасцю, а Якуб не паслухаўся яе.
[185] Перш, чым патлумачыць гэтую вельмі прыгожую гісторыю, трэба заўважыць, што, паводле святых Айцоў і інтэрпрэтатараў Святога Пісання, Якуб з’яўляецца вобразам Езуса Хрыста і прызначаных душаў, а Эсаў — вобразам адрынутых. Досыць добра прыгледзецца да ўчынкаў і паводзінаў аднаго і другога, каб гэта ўбачыць.
1. Эсаў, старэйшы, быў моцны і высокі, спраўны і ўмелы ў стральбе з луку, забіваў шмат дзічыны на паляванні.
2. Ён амаль што не бываў дома і спадзяваўся толькі на свае сілы і ўмеласць, працаваў толькі на вольным прасторы.
3. Ён не надта клапаціўся пра тое, каб падабацца сваёй маці Рэбэцы і нічога дзеля гэтага не рабіў.
4. Ён настолькі любіў добра паесці і так любіў свой страўнік, што прадаў права першародства за міску сачавіцы.
5. Ён быў, як Каін, поўны нянавісці да свайго брата Якуба і злосна яго пераследваў.
[186] А вось штодзённае захаванне адрынутых.
1. Яны трацяць свае сілы і ўменні на часовыя справы. Яны вельмі моцныя, спраўныя, спрытныя і дасведчаныя ў зямных рэчах, але вельмі слабыя і цёмныя ў рэчах нябесных: «In terrenis fortes, in coelestibus debiles». Таму:
[187] 2. Яны вельмі мала ці ўвогуле не бываюць у сябе дома, гэта значыць, унутры сябе, гэтым унутраным і галоўным доме, які Бог даў кожнаму, каб там прабываць на яго ўзор, таму што Бог заўсёды прабывае ў Сябе дома. Адрынутыя не любяць самотнасці, духоўнага жыцця, унутранай пабожнасці. А людзей, што жывуць унутраным жыццём, выракаюцца гэтага свету і аддаюцца больш працы ўнутранай, чым знешняй, лічаць разумова абмежаванымі, дзікімі і святошамі.
[188] 3. Адрынутыя ўвогуле не клапоцяцца пра ўшанаванне Святой Дзевы, Маці прызначаных. Праўда, яны і не ненавідзяць Яе адкрыта. Часам Яе праслаўляюць, кажуць, што любяць, і нават маюць нейкія пабожныя практыкаванні ў Яе гонар. І ў той самы час яны не могуць знесці, калі хтосьці Яе пяшчотна любіць, бо не маюць да Яе пачуццяў Якуба. Калі гаворка ідзе пра тое, каб ушаноўваць Яе (практыкаванне, якому аддаюцца Яе добрыя дзеці і слугі, каб заслужыць Яе дабразычлівасць), яны крытыкуюць яго і не вераць, што яно патрэбнае ім для збаўлення. І, хоць яны і не ненавідзяць адкрыта Святую Дзеву і не пагарджаюць набажэнствамі да Яе, але лічаць, што гэтага досыць, каб атрымаць ласкі Святой Дзевы, і яны ўжо Яе добрыя слугі, калі моляцца ці мамрычаць нейкія малітвы ў Яе гонар, не маючы любові да Яе і не клапоцячыся пра тое, каб выправіць сваё жыццё.
[189] 4. Адрынутыя прадаюць сваё права першародства, ці радасць раю, за міску сачавіцы, ці зямныя радасці. Яны смяюцца, п’юць, спажываюць ежу, забаўляюцца, гуляюць, танчаць, не прыкладаючы намаганняў, як Эсаў, каб стаць годнымі блаславенства Айца нябеснага. Адным словам, яны думаюць толькі пра зямныя справы, любяць толькі зямныя справы, гавораць і дзейнічаюць толькі дзеля зямных справаў і задавальненняў. Яны прадаюць такім чынам ласку хросту, шату чысціні, сваю нябесную спадчыну за кароткія хвіліны радасці, марны дым зямной пашаны і кавалак жоўтай ці белай цвёрдай зямлі.
[190] 5. Урэшце, адрынутыя ненавідзяць і кожны дзень пераследуюць усіх прызначаных, адкрыта ці таемна. Яны абцяжарваюць іх, пагарджаюць імі, крытыкуюць, усё робяць насуперак ім, зневажаюць, абкрадаюць, падманваюць, даводзяць да бядоты, палююць на іх, сціраюць у пыл. А самі ў гэты час назапашваюць багацце, жывуць у сваё задавальненне, клапоцяцца пра свой гонар, узбагачаюцца, растуць у вачах гэтага свету і жывуць згодна сваім жаданням.