[191] 1. Якуб меў слабейшае цела, быў лагодны і спакойны. Звычайна ён заставаўся дома, каб заваяваць дабразычлівасць сваёй маці Рэбэкі, якую вельмі любіў. Нават калі ён і выходзіў з дому, гэта было ані не па яго волі, ані не праз давер да ўласных здольнасцяў, але праз паслухмянасць сваёй маці.
[192] 2. Ён любіў і шанаваў сваю маці, таму заставаўся дома ля яе. Бачыць яе было самым вялікім шчасцем дзеля яго. Ён пазбягаў усяго, што магло б ёй не спадабацца, і рабіў усё, што, як ён думаў, магло ёй спадабацца. І таму Рэбэка любіла яго за кожным разам усё больш.
[193] 3. Ён ува ўсім быў падданы сваёй дарагой маці і цалкам ува ўсім паслухмяны. Яе загады выконваў не чакаючы, з любоўю і без скаргаў. Ён выконваў найменшыя яе загады. Ён верыў усяму, што яна казала, не сумняваючыся. Напрыклад, калі яна сказала яму прынесці двух казлянятаў, каб з іх прыгатаваць ежу айцу Ісааку, Якуб не пярэчыў, не сказаў, што яны маюць досыць дзеля аднаго чалавека. Але, не спрачаючыся, зрабіў тое, што яна яму загадала.
[194] 4. Ён вельмі давяраў сваёй дарагой маці і не абапіраўся на свае здольнасці, а толькі на клопат і апеку сваёй маці. Ён звяртаўся да яе ўва ўсіх сваіх патрэбах і раіўся з ёй ува ўсіх сумневах. Напрыклад, калі ён запытаўся, ці замест блаславенства ён не атрымае ад бацькі праклён, і калі ў адказ яна сказала, што тады возьме на сябе гэты праклён, ён паверыў ёй і цалкам даверыўся.
[195] 5. Урэшце, ён наследваў цноты, якія бачыў у сваёй маці, і, здаецца, гэта была адна з прычынаў таго, што ён заставаўся дома. Гэта дзеля таго, каб наследваць сваю дарагую маці, якая была вельмі цнатлівая, і быць як мага далей ад кепскіх кампаніяў, што разбураюць добрыя звычаі. Дзякуючы гэтаму ён стаўся годным атрымаць падвойнае блаславенства свайго дарагога бацькі.
[196] А вось штодзённае захаванне абраных:
1. Яны заўсёды застаюцца дома разам са сваёй маці, гэта значыць, яны любяць самоту, жывуць унутраным жыццём, часта моляцца па прыкладзе і ў еднасці са сваёй Маці, Святой Дзевай, чыя хвала была ўнутры і якая ўсё сваё жыццё любіла самотнасць і малітву. І сапраўды, часам здаецца, што яны па-за светам, але гэта толькі з волі Божай і іх дарагой Маці, каб выконваць абавязкі свайго стану. Нават калі б яны выконвалі навялікшыя знешнія справы, найбольш яны цэняць тое, што робяць унутры сябе, у еднасці з Найсвяцейшай Дзевай Марыяй, таму што ствараюць там вялікую справу сваёй дасканаласці, у параўнанні з якой усе іншыя справы — толькі дзіцячая гульня. Таму, калі іх браты і сёстры выконваюць знешнія справы з найбольшымі намаганнямі, спрытам і поспехам, атрымоўваючы пахвалу і ўхвалу свету, яны ведаюць дзякуючы святлу Духа Святога, што найбольш хвалы, дабра і радасці ў схаваным і самотным жыцці з Езусам Хрыстом, іх Настаўнікам, у поўным і дасканалым падпарадкаванні сваёй Маці, чым у тым, каб па сваёй волі чыніць розныя цуды ў свеце, як гэта рабіў Эсаў і адрынутыя. «Gloria et divitiæ in domo ejus» («Хвала Бога і багацце чалавека ў доме Марыі»).
Пане Езу, як жа любыя твае скарбніцы! Верабей знайшоў сабе дом, і туркаўка гняздо сваім птушанятам. O, як жа шчаслівы чалавек, які жыве ў доме Марыі, дзе Ты жыў першы! Менавіта ў гэтым доме абраных ён атрымоўвае дапамогу толькі ад Цябе аднаго і там пракладае ў сваім сэрцы сцежкі і прыступкі, каб узняцца да дасканаласці ў гэтай даліне слёз. «Quam dilecta tabernacula, etc.»
[197] 2. Яны пяшчотна любяць і па-сапраўднаму ўшаноўваюць Найсвяцейшую Дзеву як сваю добрую Маці і Гаспадыню. Яны любяць яе не толькі вуснамі, але ў праўдзе. Яны ўшаноўваюць Яе не толькі знешне, але з усім сэрцам. Яны пазбягаюць, як Якуб, усяго, што можа Ёй не спадабацца, і старанна робяць усё, каб атрымаць Яе дабразычлівасць. Яны прыносяць Ёй не двух казлянятаў, як Якуб Рэбэцы, але тое, што яны ўвасабляюць, гэта значыць, сваю душу і цела, разам з тым, што ім належыць: 1) каб Яна іх прыняла як Сваю ўласнасць; 2) каб Яна дапамагла ім памерці для граху і для саміх сябе, ачышчаючы іх і вызваляючы з любові да сябе, каб яны падабаліся Езусу, Яе Сыну, які жадае, каб Яго сябры і вучні памерлі дзеля сябе; 3) каб Яна ўфармавала іх паводле ўпадабання Айца нябеснага і дзеля Яго большай хвалы, якую Яна ведае лепш за ўсіх; 4) каб з Яе дапамогай і праз Яе заступніцтва, добра ачышчаныя ад усялякага бруду, памерлыя дзеля сябе і дасканала прыгатаваныя душа і цела сталіся цудоўнай стравай, годнай вуснаў і блаславенства Айца нябеснага. Ці не гэта ж самае зробяць абраныя, што скаштуюць і цалкам прысвецяць сябе Езусу Хрысту праз Марыю, пра што я навучаю, каб засведчыць Езусу і Марыі чулую і адважную любоў?
Адрынутыя кажуць, што яны досыць любяць Езуса і ўшаноўваюць Марыю. Аднак робяць гэта не сваёй сутнасцю, аж да таго, каб ахвяраваць сваё цела разам з яго моцай і душу разам з яе схільнасцямі, як гэта робяць абраныя.
[198] 3. Абраныя падпарадкаваныя і паслухмяныя Святой Дзеве як сваёй добрай Маці па прыкладзе Езуса Хрыста, які трыццаць тры гады пражыў на зямлі і прынёс хвалу Богу Айцу поўным падпарадкаваннем і паслухмянасцю Сваёй святой Маці. Яны слухаюцца Яе, дакладна выконваючы ўсе Яе парады, як Якуб слухаў парады Рэбэкі, якому яна сказала: «Acquiesce consiliis meis». («Сын мой, выконвай мае парады»). Альбо як слугі на вяселлі ў Кане, якім Святая Дзева сказала: «Quodcumque dixerit vobis facite». («Зрабіце ўсё, што вам скажа Мой Сын«). Якуб, за тое, што паслухаўся сваёй маці, цудам атрымаў блаславенства, хоць натуральным чынам не павінен быў яго атрымаць, як слугі на вяселлі ў Кане. За тое, што яны паслухаліся парады Святой Дзевы, яны заслужылі атрымаць першы цуд Езуса Хрыста, дзякуючы якому па просьбе Марыі вада перамянілася ў віно. Таксама і ўсе іншыя, што да канца вякоў будуць атрымоўваць блаславенства Айца нябеснага і будуць ушанаваныя Яго цудамі, будуць атрымоўваць гэтыя ласкі толькі дзякуючы дасканалай паслухмянасці Марыі. Эсавы ж, наадварот, з-за непаслухмянасці Святой Дзеве будуць іх губляць.
[199] 4. Абраныя маюць вялікі давер да дабрыні і моцы Найсвяцейшай Дзевы Марыі, іх добрай Маці. Яны заўсёды патрабуюць Яе дапамогі. Яны глядзяць на Яе як на палярную зорку, каб дайсці да порту. Яны распавядаюць Ёй пра ўсе свае цяжкасці і патрэбы з вялікай адкрытасцю сэрца. Яны спадзяюцца на Яе міласэрнасць і ласкавасць, каб атрымаць праз Яе заступніцтва прабачэнне грахоў і скаштаваць Яе слодыч у цяжкасцях і смутку. Яны цудоўным чынам пагружаюцца, хаваюцца і губляюцца ў Яе любым дзявоцкім улонні, каб там быць ахінутымі Яе чыстай любоўю, быць ачышчанымі ад усялякага бруду і знайсці ў поўні Езуса, які валадарыць там, як на сваім самым хвалебным троне. O, якое шчасце! Не верце, кажа абат Гэрык, што больш шчасця ў тым, каб жыць ва ўлонні Абрагама, чым ва ўлонні Марыі, таму што ў Ёй Госпад усталяваў Свай трон. «Ne credideris majoris esse felicitatis habitare in sinu Abrahae quam in sinu Mariae, cum in eo Dominus posuerit thronum suum».
Адрынутыя, наадварот, спадзяюцца толькі на сябе, разам з марнатраўным сынам спажываць тое, што свінні, разам з жабамі ядуць зямлю і разам з прадстаўнікамі гэтага свету любяць толькі бачныя і знешнія рэчы, а таму не могуць скаштаваць слодыч прабывання ва ўлонні Марыі. Яны ўвогуле не адчуваюць той падтрымкі і таго даверу, які маюць абраныя адносна Святой Дзевы, іх добрай Маці. Яны любяць і спатольваюць свой марны знешні голад, як кажа святы Грыгорый, таму што не хочуць пакаштаваць слодыч, якая ўнутры іх і прыгатаваная ў Езусе і Марыі.
[200] 5. Урэшце, выбраныя ідуць па сцежках Святой Дзевы, сваёй добрай Маці. Яны наследуюць Яе і менавіта ў гэтым знаходзяць сваё сапраўднае шчасце і пабожнасць. У гэтым яны таксама носяць беспамылковую пячатку іх прызначэння, як ім кажа Сама добрая Маці: «Beati qui custodiunt vias meas». Што азначае: “Блаславёныя, што практыкуюць мае цноты і ідуць сцежкамі майго жыцця, падтрыманыя ласкай Божай. На працягу жыцця яны шчаслівыя дзякуючы багаццю ласкаў і слодычы, якія Я ўдзяляю ім са сваёй поўні, а яшчэ больш тым, што мяне так верна наследуюць. Яны шчаслівыя ў хвіліну смерці, бо яна салодкая і спакойная, і Я зазвычай побач з імі ў гэтую хвіліну, каб самой прывесці іх да вечнай радасці. І, вядома, яны будуць шчаслівыя ў вечнасці, бо ніводны з маіх добрых слугаў, што наследаваў мае цноты ў жыцці, не загінуў.
Адрынутыя ж, наадварот, нешчаслівыя на працягу жыцця, у хвіліну смерці і ў вечнасці, таму што ўвогуле не наследуюць Найсвяцейшай Дзевы ў Яе цнотах. Яны абмяжоўваюцца тым, што часам уступаюць у Яе брацтвы, чытаюць некалькі малітваў у Яе гонар і выконваюць некалькі знешніх пабожных практыкаванняў. O Святая Дзева, мая добрая Маці, як жа шчаслівыя тыя, што, паўтараю гэта з радасцю сэрца, не спакушаюцца несапраўдным ушанаваннем Цябе, верна захоўваюць Твае шляхі, выконваюць Твае парады і загады! І наадварот, нешчаслівыя і праклятыя тыя, што злоўжываюць ушанаваннем Цябе і не захоўваюць прыказанняў Твайго Сына: «Maledicti omnes qui declinant a mandatis tuis».