[144] Трэці матыў. Найсвяцейшая Дзева, Маці слодычы і міласэрнасці, найвялікшая ў любові і шчодрасці, бачучы, што душа аддаецца ёй, каб ушаноўваць Яе і служыць Ёй, пазбаўляецца самага каштоўнага, каб Яе аздобіць, таксама цалкам і невыказным спосабам аддаецца таму, хто аддае Ёй усё. Яна пагружае яе ў бездань сваёй ласкі, аздабляе сваімі цнотамі, абапірае на сваю моц, асвячае сваім святлом, напаўняе сваёй любоўю, адорвае сваімі дабрадзействамі: пакорай, верай, чысцінёй і гэтак далей. Яна становіцца яе гарантыяй, дапаўненнем і ўсім перад Езусам. Нарэшце, як гэтая асоба цалкам прысвечаная Марыі, так і Марыя цалкам дзеля яе. Таму можна сказаць, што дасканалы слуга і дзіця Марыі — як святы Ян Евангеліст, які прыняў Найсвяцейшую Дзеву за ўсё сваё дабро: «Accepit eam discipulus in sua».
[145] Усё гэта нараджае ў вернай душы вялікі недавер да сваіх уласных сілаў, пагарду і агіду да сябе, а таксама вялікі давер да Найсвяцейшай Дзевы і адданасць сваёй добрай Гаспадыні. Душа не абапіраецца, як гэта было раней, на свае здольнасці, намеры, заслугі, цноты і добрыя ўчынкі, таму што, склаўшы поўную ахвяру Езусу Хрысту праз гэтую добрую Маці, мае цяпер толькі адзін скарб, дзе змяшчаюцца ўсе яе даброты, якія ёй ужо не належаць, — гэта Марыя. Таму цяпер ён можа наблізіцца да нашага Госпада без страху паднявольнага і маліцца да Яго з вялікім даверам. Ён можа таксама адчуць тое, пра што казаў пабожны і мудры святар Рупэрт, згадваючы перамогу Якуба над анёлам, і прамовіць да Найсвяцейшай Дзевы гэтыя прыгожыя словы: «O Maрыя, мая Князёўна і Беззаганная Маці Бога-Чалавека, Езуса Хрыста, я жадаю змагацца з гэтым Чалавекам, Словам Божым, узброены не ў свае чалавечыя заслугі, але ў Твае» «O Domina, Dei Genitrix, Maria, et incorrupta Mater Dei et hominis, non meis, sed tuis armatus meritis, cum isto Viro, scilicet Verbo Dei, luctari cupio» (Rup. prolog. in Cantic.).
O! Якія ж мы моцныя перад Езусам Хрыстом, калі ўзброеныя ў заслугі годнай Маці Бога, якая, як кажа святы Аўгустын, любоўю перамагла Ўсемагутнага!
Марыя ачышчае нашыя добрыя ўчынкі
[146] Паколькі ў гэтым практыкаванні мы аддаем нашаму Госпаду праз рукі Яго Святой Маці ўсе нашыя добрыя справы, гэтая добрая Гаспадыня ачышчае іх, аздабляе, каб Яе Сын прыняў іх.
1. Яна ачышчае іх ад бруду самалюбства і прывязанасці да стварэнняў, якія незаўважна прасякваюць нават у нейлепшыя справы. І як толькі яны апынаюцца ў гэтых чыстых і пладавітых руках, якія ніколі не былі бясплоднымі і пасіўнымі, якія ачышчаюць усё, да чаго дакранаюцца, ачышчаюць падарунак, які Ёй дораць, ад усяго сапсутага і недасканалага.
[147] 2. Яна ўпрыгожвае іх сваімі заслугамі і цнотамі. Гэта як селянін, што, хочучы заваяваць прыязнасць і дабразычлівасць караля, пайшоў спачатку да каралевы і даў яблык, які быў усім яго здабыткам, каб яна паднесла яго каралю. Каралева, прыняўшы бедны маленькі падарунак селяніна, паклала яго на вялікі і прыгожы пазалочаны паднос і паднесла каралю ад імя селяніна. І яблык, хоць і быў падарункам, не годным караля, стаўся годным яго Велічы дзякуючы пазалочанаму падносу і асобе, якая яго рэпрэзентавала.
[148] 3. Марыя прыносіць нашыя добрыя справы Езусу Хрысту, бо Яна нічога не пакідае Сабе з таго, што Ёй дораць. Яна ўсё верна накіроўвае Езусу. І калі мы нешта аддаем Ёй, гэта значыць, што мы аддаем гэта Езусу. Калі мы праслаўляем Яе, мы праслаўляем Езуса. І сёння, як і тады, калі Яе праслаўляла святая Альжбета, калі мы Яе праслаўляем і бласлаўляем, Яна спявае магніфікат: «Magnificat anima mea Dominum».
[149] 4. Яна робіць так, што Езус прымае нашыя добрыя справы, якімі б малымі і ўбогімі яны ні былі дзеля гэтага Святога святых і Валадара валадароў. Калі мы самі прыносім нешта Езусу, абапіраючыся на свае ўласныя здольнасці, Езус аглядае падарунак і часта не прымае яго з-за таго, што ён забруджаны самалюбствам, так, як раней Ён адкідваў ахвяры Юдэйскага народу, поўныя іх ўласнай волі. Але, калі Яму прынесці нешта ў падарунак праз чыстыя і дзявоцкія рукі Яго Ўмілаванай, то тады, калі можна так сказаць, мы закранаем Яго слабы бок: Ён глядзіць не столькі на падарунак, колькі на Сваю добрую Маці, якая яго прыносіць; Ён глядзіць не столькі на тое, адкуль бярэцца гэты падарунак, колькі на Тую, што яго прыносіць. Такім чынам, Марыя ніколі не атрымоўвае адмовы, і Сын заўсёды добра Яе прымае, а Яго Веліч прыязна прымае ўсё, што Яна Яму дорыць, маленькае ці вялікае. Езусу, каб прыняць падарунак, досыць таго, што гэта Яго Маці Яму яго прыносіць. Гэта вялікая парада, якую святы Бернард даваў тым, каго вёў да дасканаласці: «Калі вы хочаце нешта ахвяраваць Богу, імкніцеся зрабіць гэта праз прыемныя і годныя рукі Марыі, калі вы не хочаце, каб вашая ахвяра была адкінутая» («Modicum quod offerre desideras, manibus Mariae offerendum tradere cura, si non vis sustinere repulsam» (saint Bernard, Lib. de Aquaed.).
[150] Ці гэта не сама натура падказвае маленькім адносна вялікіх, як мы гэта ўжо бачылі? Чаму ж тады ласка не можа падказаць тое самае адносна Бога, які незраўнана вышэй за нас усіх і перад якім усе мы меншыя за атамы. А мы маем настолькі магутную Заступніцу, якая ніколі не атрымоўвае адмовы, настолькі знаходлівую, якая ведае ўсе сакрэты, як заваяваць сэрца Бога, настолькі добрую і міласэрную, якая ніколі нікога не адкідвае, якім бы маленькім ці злосным ён ні быў. Ніжэй я прывяду сапраўдны вобраз таго, што кажу, у гісторыі Якуба і Рэбэкі.