Страницы

Марыя — Каралева сэрцаў.

  [37] Вядома ж, трэба зрабіць высновы з таго, што я толькі што сказаў:

 Па-першае, Марыя атрымала ад Бога вялікую ўладу над душамі выбраных, інакш Яна не змагла б учыніць у іх месца свайго прабывання, як Ёй загадаў Бог Айцец; фармаваць іх і нараджаць да жыцця вечнага, як іх Маці; мець іх за сваю спадчыну і фармаваць іх у Езусе Хрысце і Езуса Хрыста ў іх; пусціць у іх сэрцах карані Сваіх цнотаў і быць неразлучнай Спадарожніцай Духа Святога ўва ўсіх Яго стварэннях ласкі; Яна не змагла б, кажу я, рабіць усё гэта, калі б не мела права і ўлады над іх душамі дзякуючы выключнай ласцы Найвышэйшага, які, даўшы Ёй уладу над Сваім адзінародным Сынам, даў яе таксама над Сваімі прыёмнымі дзецьмі. І гэта датычыць не толькі цела, але і іх душаў.

   [38] Марыя — Каралева неба і зямлі дзякуючы ласцы, таксама як Езус — Кароль дзякуючы Сваёй прыродзе і Адкупленню зямлі. Таму, як Валадарства Езуса Хрыста знаходзіцца галоўным чынам у сэрцы і ў душы чалавека, паводле словаў Евангелля “Валадарства Божае ўнутры вас”, гэтак сама і валадарства Найсвяцейшай Дзевы знаходзіцца галоўным чынам унутры чалавека,  гэта значыць у яго душы. І менавіта ў душах Яна найбольш праслаўленая жывымі стварэннямі разам са Сваім Сынам, і  мы разам са святымі можам назваць Яе Каралевай Сэрцаў.

      Ушанаванне Марыі абавязковае дзеля таго, каб атрымаць жыццё вечнае.

   [39]  Па-другое, трэба зрабіць выснову, што Найсвяцейшая Дзева Марыя патрэбная Богу ўмоўна, таму што такая Яго воля, але Яна найбольш патрэбная людзям, каб дасягнуць іх канчатковай мэты. Не трэба блытаць ушанаванне Найсвяцейшай Дзевы з ушанаваннем іншых святых, так, як быццам бы яно было неабавязковае ці, наадварот, залішняе.

   [40] Пабожны доктар Суарэз з Ордэну Езуітаў, мудры і пабожны Юст-Ліпс, доктар з Ліёну, а таксама шмат іншых, абапіраючыся на навуку Айцоў Касцёла, асаблівым чынам на св. Аўгустына, святога Яфрэма, дыякана Эдэскага, святога Кірыла Ерузалемскага, святога Германа Канстантынопальскага, святога Яна Дамаскіна, святога Ансэльма, святога Бернарда, святога Бернардына, святога Тамаша і святога Банавэнтуры, нязменна даказвалі, што ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы неабходнае для збаўлення. А не мець павагі і любові да Святой Дзевы, як сцвярджае сам Экалампад (псеўдарэфарматар) і некаторыя іншыя ератыкі, — гэта несумненны знак асуджэння, і наадварот: быць Ёй цалкам адданым — гэта несумненны знак абранасці.  

   [41] Вобразы і словы Старога Запавету даказваюць гэта, словы і прыклады святых пацвярджаюць гэта, розум і досвед сведчаць пра гэта. Нават д’ябал і яго паплечнікі моцай праўды часта былі змушаныя вызнаць гэта. Каб даказаць гэтую праўду, я зрабіў вялікі зборнік, сабраўшы ўрыўкі твораў Святых Айцоў і Дактароў. Але, каб не быць занадта доўгім, скажу толькі адно: «Tibi  devotum esse, est  arma  quaedam  salutis  quae  Deus  his  dat  quos  vult  salvos  fieri» (св. Ян Дамаскін): «Адданасць Табе, о Святая Дзева, — кажа святы Ян Дамаскін, — гэта зброя збаўлення, якую Бог дае тым, каго хоча ўратаваць». 

   [42] Я мог бы прывесці тут шмат розных гісторый, якія б гэта пацвердзілі. Вось, напрыклад, адна з іх, напісаная ў хроніцы святога Францішка, калі ў духоўным экстазе ён убачыў вялікую лесвіцу, што ўздымалася ў неба; на версе яе стаяла Святая Дзева. І паказалі яму, што трэба ўзняцца па гэтай лесвіцы, каб трапіць у неба. Другая гісторыя напісаная ў хроніцы святога Дамініка пра тое, як пятнаццаць тысяч дэманаў авалодалі душой беднага ератыка непадалёк ад Каркасоны, дзе святы Дамінік прапаведваў пра святы Ружанец. Па загадзе Святой Дзевы гэтыя дэманы былі прымушаныя з сорамам вызнаць шматлікія вялікія і суцяшальныя праўды пра набажэнства да Святой Дзевы. Гэта адбылося з такой моцай і выразнасцю, што нельга чытаць гэтую сапраўдную гісторыю пра ўсхваленні дэманам, насуперак яго волі, ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы без слёз радасці і жадання быць пасля гэтага адданым Найсвяцейшай Дзеве. 

      Ушанаванне Найсвяцейшай Дзевы асабліва патрэбнае пакліканым да поўні дасканаласці.

   [43] Калі ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы патрэбнае кожнаму чалавеку, каб быць збаўленым, яно яшчэ больш патрэбнае тым, хто пакліканы да асаблівай дасканаласці. Я не думаю, што хтосьці можа дасягнуць вялікай еднасці з нашым Госпадам і дасканалай вернасці Духу Святому без вялікай еднасці з Найсвяцейшай Дзевай і вялікай залежнасці ад Яе дапамогі.

   [44] Толькі Марыя знайшла ласку ў Бога без дапамогі іншага стварэння. І ўсе іншыя знайшлі і знойдуць ласку ў Бога толькі праз Яе. Яна была поўная ласкі, калі Яе прывітаў Арханёл Габрыэль. Яна была перапоўненая ласкай Духа Святога, калі Ён ахінуў Яе Сваім ценем. Яна штодзённа кожную хвіліну настолькі памнaжала гэтую падвойную поўню, што дасягнула вяршыні найвялікшай і неспасцігальнай ласкі. Такім чынам Найвышэйшы зрабіў Яе адзінай скарбніцай і размеркавальніцай сваіх ласкаў, каб Яна магла ўшляхетніць, узвысіць і ўзбагаціць, прывесці на прамы шлях да неба тых, каго Яна захоча, каб Яна магла, нягледзячы ні на што, правесці праз вузкія дзверы  жыцця тога, каго Яна захоча, і даць яму пасад, тарчу і царскі вянок. Езус заўсёды і паўсюль – плод і Сын Марыі, а Марыя – паўсюль сапраўднае дрэва, што прыносіць плод жыцця, і сапраўдная Маці, што Яго нараджае.

   [45] Толькі Марыі Бог даў ключы ад сховішча Боскай любові і ўладу ўвайсці на самыя ўзвышаныя і таямнічыя шляхі дасканаласці, а таксама прывесці на гэтыя шляхі іншых. Толькі Марыя дае ўваход у зямны рай бедным дзецям нявернай Евы, каб прыемна прабываць там з Богам, каб надзейна схавацца там ад сваіх ворагаў і добра там харчавацца, не баючыся больш смерці — плоду дрэва пазнання дабра і зла, каб удосталь піць нябесныя воды, што шчодра б’юць з прыгожага вадаграю. А паколькі Яна Сама з’яўляецца гэтым зямным раем ці некранутай і блаславёнай зямлёй, адкуль былі выгнаныя грэшныя Адам і Ева, Яна дае туды ўваход толькі тым, каго хоча зрабіць святымі.

      Марыя падрыхтуе вялікіх святых апошніх часоў.

   [46] Усе багатыя народу, паўтараю я словы Бібліі, растлумачаныя  святым Бернардам, усе багатыя народу будуць маліцца перад Тваім Абліччам са стагоддзя ў стагоддзе, а асабліва напрыканцы часоў. Гэта азначае, што самыя вялікія святыя і душы, найбольш узбагачаныя ласкамі і цнотамі, будуць найбольш вернымі ў малітвах да Найсвяцейшай Дзевы, і Яна будзе для іх найдасканальшым прыкладам да наследавання і іх магутнай дапамогай, каб іх падтрымаць.

   [47] Я сказаў, што гэта будзе асаблівым чынам у апошнія часы і настане вельмі хутка, таму што Найвышэйшы са Сваёй святой Маці павінны ўфармаваць Сабе вялікіх святых, што пераўзыйдуць у святасці большасць святых, як кедры Лібану перавышаюць маленькія дрэўцы. Гэта было аб’яўлена адной святой душы, жыццё якой было напісана спадаром  Рэнты.

   [48] Гэтыя вялікія душы, поўныя ласкі і запалу, будуць выбраныя, каб супрацьстаяць ворагам Бога, якія задрыжаць з усіх бакоў. Гэтыя душы будуць асаблівым чынам адданыя Найсвяцейшай Дзеве, асвечаныя Яе святлом, ускормленыя Яе малаком, суправаджаныя Яе духам, падтрыманыя Яе рукой і схаваныя пад Яе апекай так, што адной рукой яны будуць змагацца, а другой будаваць. Адной рукой яны перамогуць, скінуць, скрышаць ератыкоў з іх ерасямі, схізматыкаў з іх схізмамі, ідалапаклоннікаў з іх ідаламі, грэшнікаў з іх бязбожнасцю. А другой рукой яны будуць будаваць святыню сапраўднага Саламона і таямнічы горад Бога, гэта значыць, Святую Дзеву, названую Святымі Айцамі святыняй Саламона і таямнічым горадам Божым. Сваімі словамі і прыкладам яна прывядуць свет да сапраўднага ўшанавання Святой Дзевы, з-за чаго ў іх з’явіцца шмат ворагаў, але будуць і шматлікія перамогі і хвала дзеля адзінага Бога. Гэта тое, што Бог адкрыў святому Вінцэнту Фэр’е, вялікаму апосталу сваёй эпохі, што ён досыць добра занатаваў у сваіх творах.

   Гэта тое, пра што Дух Святы кажа ў Псальме 58: «Et scient quia Dominus dominabitur Jacob et  finium terrae; convertentur ad  vesperam, et famem pati entur ut  canes, et circuibunt civitatem» («Госпад будзе валадарыць у Якубе па ўсёй зямлі; увечары яны навернуцца і будуць галоднымі, як сабакі, і будуць хадзіць вакол горада, каб знайсці, што паесці»). Гэтым горадам, які людзі знойдуць напрыканцы свету, каб навярнуцца і спаталіць голад справядлівасці, з’яўляецца Найсвяцейшая Дзева, названая Духам Святым горадам Божым.