Страницы

Чацвёрты і пяты матывы, якія павінны нас заахвоціць да ўшанавання НПМ (працяг)

Гэтае ўшанаванне з’яўляецца дасканалым шляхам.

  [157] 3. Гэтае практыкаванне ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы з’яўляецца пэўным шляхам, каб ісці і з’яднацца з Езусам Хрыстом, таму што боская Марыя — самае дасканалае і святое з усіх чыстых стварэнняў, а Езус Хрыстус, які прыйшоў да нас самым дасканалым шляхам, не абраў іншага дзеля свайго вялікага і цудоўнага вандравання. Найвышэйшы, незразумелы і недасягальны, Той, Хто ёсць, пажадаў прыйсці да нас, маленькіх зямных чарвякоў, якія з’яўляюцца нічым. Як гэта магло здарыцца? Найвышэйшы дасканалым і боскім чынам зышоў да нас праз пакорную Марыю, нічога не згубіўшы са сваёй боскасці і святасці. І цяпер менавіта праз Марыю гэтыя маленькія павінны дасканалым і боскім чынам уздымацца да Найвышэйшага, нічога не баючыся. Нязмернасць дазволіла сябе пазнаць маленькай Марыі і нічога не згубіла са сваёй велічы. Таксама і мы павінны дазволіць цалкам напоўніць сябе і праводзіць да канца.

   Недасяжны наблізіўся, беспасрэдна, дасканала і нават прыватна з’яднаўся з нашай чалавечай натурай праз Марыю, нічога не губляючы са Сваёй велічы. Таксама і мы павінны праз Марыю наблізіцца да Бога і з’яднацца з Ёю дасканала і беспасрэдна, не баючыся быць адкінутымі.

   Нарэшце, Той, Хто ёсць, пажадаў прыйсці да тых, якія «ня ёсць»[6], і зрабіць так, каб тое, што «ня ёсць», сталася Богам[7], або «Тым, Хто ёсць». Ён зрабіў гэта дасканалым чынам, аддаючыся і цалкам падпарадкоўваючыся маладой Дзеве Марыі, не перастаючы ў той самы час быць Тым, Хто Ёсць, праз усю Вечнасць. Так сама і мы праз Марыю, хоць нічога самі па сабе ня вартыя, можам стаць падобнымі да Бога праз ласку і хвалу, аддаючыся Ёй настолькі дасканала і бяз рэшты, каб мы былі нічым у сабе, а ўсім перад Ёй, не баючыся памыліцца.

   [158] Знайдзіце мне новы шлях, каб ісці да Езуса Хрыста, каб гэты шлях быў узбагачаны ўсімі заслугамі блаславёных, аздоблены ўсімі іх гераічнымі цнотамі, асвечаны ўпрыгожаны святлом і прыгажосцю анёлаў, і каб усе анёлы і святыя былі побач, каб весці, абараняць і падтрымліваць тых, што захочуць ім ісці. І я кажу шчыра, што выбраў бы шлях Беззаганнай Марыі: Posui immaculatam viam meam — шлях без найменшай плямы ці заганы, без граху першароднага і цяперашняга, без цемры. І калі б мой Любы Езус прыходзіў другі раз у хвале, каб тут валадарыць, Ён бы выбраў той самы шлях для Свайго падарожжа — боскую Марыю, — праз які Ён настолькі ўпэўнена і дасканала прыйшоў упершыню. Розніца паміж першым і другім прыйсцем у тым, што першы раз Ён быў таямнічы і ўкрыты, другі ж будзе хвалебны і нечаканы. Але і адзін, і другі будуць дасканалыя, бо будуць  здзейсненыя праз Марыю. На жаль! Гэта таямніца, якую ніхто не разумее: «Hic taceat omnis lingua».

      Гэтае ўшанаванне з’яўляецца надзейным шляхам.

   [159] 4. Гэтае ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы з’яўляецца надзейным шляхам, каб ісці да Езуса Хрыста і дасягнуць дасканаласці, яднаючыся з Ім:

   1. Таму што гэтае практыкаванне, якому я навучаю, не новае. Яно настолькі старое, што можна нават, як кажа спадар Будон, які не так даўно памёр як святы, у кнізе, дзе распавядае пра гэтае ўшанаванне, вызначыць, калі яно нарадзілася. З пэўнасцю можна сказаць, што на працягу больш чым сямі стагоддзяў у Касцёле знаходзяць знакі гэтага ўшанавання.

   Святы Адылон, манах з Клюні, які жыў каля 1040 года, быў першым, хто адкрыта яго практыкаваў у Францыі, як гэта пазначана ў яго жыцці.

   Кардынал П’ер Дам’ен адзначае, што ў 1076 годзе блаславёны Марцін, яго брат, стаўся нявольнікам Найсвяцейшай Дзевы ў прысутнасці свайго шэфа вельмі павучальным чынам: ён павесіў  сабе на шыю вяроўку, убічаваў сябе і ў знак сваёй адданасці і прысвячэння Найсвяцейшай Дзеве склаў на алтары пэўную суму грошай.  Ён працягваў верна гэта рабіць усё сваё жыццё і заслужыў тое, што ў хвіліну смерці да яго прыйшла суцешыць яго добрая Гаспадыня, якая абяцала яму рай ва ўзнагароду за яго паслугі.

   Цэзар Баландус апавядае пра знакамітага рыцара Вацье дэ Бірбака, блізкага сваяка графаў Лювэн. Ён недзе ў 1300 годзе прысвяціў сябе Святой Дзеве. Гэтая форма ўшанавання павінна была практыкавацца шматлікімі асобамі, раз у XVII стагоддзі  стала вельмі папулярным.

   [160] Айцец Сімон дэ Руаяс з ордэну Святой Тройцы, называны таксама ордэнам адкуплення нявольнікаў, прапаведнік караля Філіпа III, вельмі распаўсюджваў гэтую форму ўшанавання па ўсёй Гішпаніі і Германіі, а таксама з дапамогай Філіпа III атрымаў ад Грыгорыя  XV вялікія індульгенцыі дзеля тых, што яго практыкуюць. 

   Айцец Лос Рыяс з закону Святога Аўгустына разам са сваім сябрам айцом дэ Руаяс прыклаў намаганні да распаўсюджвання гэтай самай формы ўшанавання ў Гішпаніі і Германіі словам і пісьмом. Ён напісаў вялікі твор пад назвай «Hierarchia Mariana», у якім з вялікай пабожнасцю і эрудыцыяй піша пра пачатак, дасканаласць і сутнасць гэтага ўшанавання. Айцы Тэатыны ў апошнім стагоддзі распаўсюдзілі гэтае ўшанаванне ў Італіі, Сіцыліі і Савойі.

   [161] Айцец Станіслаў Фалацы з ордэну Езуітаў цудоўна распаўсюдзіў гэтае ўшанаванне ў Польшчы[8].

   Айцец дэ Лос Рыяс у сваёй кнізе, пра якую я ўжо казаў, пералічвае імёны князёў, князёўнаў, біскупаў і кардыналаў з розных каралеўстваў, якія практыкавалі гэтае ўшанаванне. Айцец Карнэлі Лапід, таксама вядомы сваёй пабожнасцю і глыбокімі ведамі, атрымаў ад шматлікіх біскупаў і тэолагаў заданне дасканала прааналізаваць гэтую форму ўшанавання. Пасля таго, як ён скончыў свой аналіз, ён выказаў належнае праслаўленне вялікай пабожнасці гэтага практыкавання. Шматлікія іншыя вядомыя асобы па яго прыкладзе зрабілі тое самае. Айцы Езуіты, заўсёды старанныя на службе Найсвяцейшай Дзевы ў імя  калонскіх рэлігійных дзячоў рэпрэзентавалі князю Фердынанду дэ Баўэр маленькі трактат аб гэтым практыкаванні. Потым арцыбіскуп Калоні зацвердзіў яго і даў дазвол на друк, заклікаючы ўсіх пробашчаў і манахаў сваёй дыяцэзіі наколькі магчыма практыкаваць і распаўсюджваць гэтае ўшанаванне.

[162]  Кардынал Берулій, якога з удзячнасцю ўзгадвае ўся Францыя, быў адным з самых старанных у распаўсюджванні ў Францыі гэтага ўшанавання, нягледзячы на ўсе паклёпы і пераследы з боку крытыканаў і вальнадумцаў. Яны абвінавачвалі яго ў навізне і забабонах. Яны пісалі і друкавалі супраць яго паклёпніцкія артыкулы, а таксама выкарысталі, ці, хутчэй, дэман праз іх, тысячы хітрыкаў, каб перашкодзіць кардыналу распаўсюдзіць гэтае практыкаванне ў Францыі. Але гэты вялікі і святы чалавек адказваў на іх паклёпы толькі цярплівасцю, а на іх  абвінавачванні, змешчаныя ў пашквілі, ён адказаў маленькім творам, у якім абвяргае іх довады, паказваючы ім, што гэтае ўшанаванне абапіраецца на прыклад Езуса Хрыста, на нашыя абавязкі адносна Яго і на нашыя абяцанні, якія мы прынеслі падчас Святога Хросту. Менавіта гэтым апошнім довадам ён закрывае рот сваім супраціўнікам, паказваючы ім, што гэтае прысвячэнне Найсвяцейшай Дзеве і Езусу Хрысту праз Яе рукі — ні што іншае, як дасканалае аднаўленне абяцанняў Святога Хросту. Ён кажа шмат прыгожых рэчаў наконт гэтага практыкавання, якія можна прачытаць у яго творах.

   [163] У кніжцы Будона можна знайсці імёны шматлікіх папаў, якія зацвердзілі гэтае практыкаванне, тэолагаў, якія яго аналізавалі, можна прачытаць пра пераследы, якія яно перажыло і перамагло, пра шматлікіх асобаў, якія яго практыкавалі, і ніводны папа не асудзіў яго. І яго нельга адкінуць, бо тады быў бы зруйнаваны фундамент хрысціянства. Можна з пэўнасцю сказаць, што гэтае практыкаванне не новае, але калі не ўсе яго практыкуюць, то гэта таму, што яно вельмі каштоўнае, і мала тых, хто можа зразумець яго і практыкаваць.

   [164] 2. Гэтае ўшанаванне з’яўляецца пэўным сродкам, каб ісці да Езуса Хрыста, таму што Святая Дзева верна вядзе нас да Яго, гэтак сама, як Ён верна вядзе нас да Спрадвечнага Айца. І не трэба памылкова думаць, што Марыя можа быць перашкодай, каб дасягнуць еднасці з Богам. Бо ці можа быць так, што Тая, што знайшла ласку ў Бога дзеля ўсяго свету і дзеля кожнага асобна, сталася перашкодай для душы, каб знайсці ласку еднасці з Ім? Ці гэта магчыма, каб Тая, што была поўная ласкі, настолькі з’яднаная з Богам і абагаўлёная, што Ён уцелавіўся ў Ёй, перашкаджала душы дасканала з’яднацца з Богам?

   Гэта праўда, што прывязанасць да іншых стварэнняў, хоць і святых, магло б, магчыма, часам перашкодзіць з’яднанню з Богам. Але толькі не з Марыяй, як я ўжо гэта сказаў і буду заўсёды нястомна казаць. Прычынай таго, што так мала душаў дасягаюць дасканаласці Езуса Хрыста, з’яўляецца тое, што Марыя, Маці Езуса Хрыста і плодная Сужонка Святога Духа, не досыць уфармаваная ў іх сэрцах. Хто хоча мець добра саспелы плод, павінен мець дрэва, якое яго нараджае. Хто хоча мець плод жыцця, Езуса Хрыста, павінен мець дрэва жыцця, Марыю. Хто хоча, каб у ім дзейнічаў Дух Святы, павінен быць у еднасці з Яго вернай і неразрыўнай Сужонкай, боскай Марыяй, якая робіць Яго плодным, як мы ўжо казалі раней.

    [165]  Таму можаце быць упэўненыя: чым больш вы будзеце ўглядацца ў Марыю ў сваіх малітвах, кантэмпляцыі, дзейнасці і пакутах, хоць і не зусім ясна і выразна, але агульна і незаўважна, тым лягчэй вы знойдзеце Езуса Хрыста, які заўсёды з Марыяй, вялікі, магутны, дзейсны і неспасцігальны. Ён у Ёй больш, чым у небе ці іншым стварэнні сусвету. Таму Марыя, цалкам пагружаная ў Бога, не можа стаць перашкодай, каб імкнуцца да еднасці з Богам. І ніколі не было і не будзе больш дасканалага стварэння, якое б найлепш дапамагала нам у гэтым вялікім імкненні. І Марыя надзяляе дзеля гэтага сваімі ласкамі. І, як кажа святы, ніхто не быў напоўнены думкамі Божымі, як толькі праз Марыю: «Nemo cogitatione Dei repletur nisi per te». З іншага боку, Яна абараняе нас ад ілюзіяў і падману злога духа.

   [166] Там, дзе ёсць Марыя, няма злога духа. Адным з самых бясспрэчных знакаў таго, што нас вядзе добры дух, ёсць тое, што мы адданыя Марыі, часта думаем пра Яе і кажам. На думку святога, як дыханне з’яўляецца пэўным знакам таго, што цела не памерла, так частыя думкі і любоўныя ўскліканні да Марыі з’яўляюцца пэўным знакам таго, што душа не памерла ў граху.

   [167] Святы Касцёл кажа, што толькі Марыя і Дух Святы, які Яе вядзе, можа знішчыць усе ерасі: «Sola cunctas hoereses interemisti in universo mundo».  Хоць крытыканы і аспрэчваюць гэта, ніколі вернік, адданы Марыі, не заблукае і не ўпадзе ў ерась ці фармальную памылку. Ён можа заблукаць у памылках матэрыяльных, прыняць хлусню за праўду, злога духа за добрага, хоць і не так лёгка, як хтосьці іншы. Але раней ці пазней ён зразумее свае памылкі. І, калі гэта адбудзецца, ён будзе супраціўляцца і вернецца да праўдаў веры.

   [168] Таму той, хто хоча без страху аблудаў, уласцівых людзям малітвы, ісці па шляху дасканаласці і знайсці Езуса Хрыста, няхай усім сэрцам, corde magno et animo volenti, прыме гэтае ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы, якога, магчыма, да гэтай хвіліны і не ведаў. Няхай увойдзе на гэты цудоўны шлях, якога да гэтага не ведаў і які я паказваю:  Excellentiorem  viam  vobis  demonstro. Гэты шлях пракладзены Езусам Хрыстом, Уцелаўлёнай Мудрасцю, нашым адзіным Настаўнікам. Ідучы гэтым шляхам, нельга памыліцца. Гэта лёгкі шлях, таму што ён поўны ласкі і прасякнуты Духам Святым, які яго напаўняе. На гэтым шляху не стамляешся і не адступаеш. Гэта кароткі шлях, які за кароткі час прывядзе нас да Езуса Хрыста. Гэта дасканалы шлях, дзе няма ніякай заганы, пылу і бруду граху. Нарэшце, гэта пэўны шлях, які вядзе нас да Езуса Хрыста і да жыцця вечнага прамымі і пэўнымі сцежкамі, не збочваючы ані ўправа, ані ўлева. Станем жа на гэты шлях і будзем ісці ім удзень і ўначы, да поўні дасканаласці Езуса Хрыста. 

________________________

[6] Гэта значыць, да нас — людзей.

[7]  Глядзі Пс 82, 6. Створаныя на вобраз Божы (Быц 1, 27) і абдораныя ласкай назвацца Яго дзецьмі (Рым 8, 15), мы ўсе пакліканыя быць “багамі” праз удзел у натуры Самога Бога (гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 460).

[8] Кароль Уладыслаў IV, які быў запісаны ў кнізе Садаліцыі, даручыў Айцам Езуітам распаўсюджванне гэтага ўшанавання ў сваім Княстве.