Страницы

Чацвёрты і пяты матывы, якія павінны нас заахвоціць да ўшанавання НПМ

 [151] Чацвёрты матыў. Гэтая форма ўшанавання, калі яе верна практыкаваць, будзе цудоўным сродкам ужываць усе нашыя добрыя справы так, каб прынесці найвялікшую хвалу Богу. Амаль ніхто не дзейнічае дзеля гэтай вялікай мэты, хоць усе да гэтага абавязаныя. Часам з-за таго, што не ведаюць, у чым найвялікшая хвала Божая, часам таму, што зусім яе не прагнуць. Але Найсвяцейшая Дзева, якой мы аддаем вартасць і заслугі нашых добрых учынкаў, ведае дасканала, у чым найвялікшая хвала Божая, і ўсё робіць толькі дзеля Яго найвялікшай хвалы. Таму дасканалы слуга гэтай добрай Гаспадыні, які цалкам ахвяраваўся Ёй, як мы ўжо сказалі, можа смела сказаць, што вартасць усіх яго добрых справаў, думак і словаў, выкарыстаная дзеля найвялікшай хвалы Божай, пакуль ён выразна не адмовіцца ад свайго прысвячэння. Ці можна знайсці нешта больш суцяшальнае дзеля душы, што любіць Бога чыстай і бескарыслівай любоўю і клапоціцца пра хвалу Божую больш, чым пра сваю ўласную?

   [152] Пяты матыў. Гэтае ўшанаванне з’яўляецца лёгкім, кароткім, дасканалым і пэўным шляхам да еднасці з нашым Госпадам. У тым самым і хрысціянская дасканаласць.

      Гэтае ўшанаванне з’яўляецца  лёгкім шляхам.

   1. Гэта лёгкі шлях. Гэта шлях, які Езус Хрыстус праклаў, прыйшоўшы да нас. На гэтым шляху няма ніякіх перашкодаў, каб ісці да Яго. Канешне, можна ісці да еднасці з Богам і іншымі шляхамі, але гэта будзе праз вялікія крыжы, цяжкія ўтаймаванні плоці і шматлікія іншыя перашкоды, якія нельга так лёгка перамагчы. Трэба будзе прайсці праз цёмныя ночы, праз цяжкую барацьбу, стромыя горы, вострыя церні і жудасныя пустэльні. А шляхам Марыі ідуць мякка і спакойна.

   Праўда, там таксама сустракаюцца вялікія бітвы і вялікія цяжкасці. Але гэтая добрая Маці і Гаспадыня настолькі блізка да сваіх верных слугаў, каб іх асвяціць у цемры, даць параду ў сумневах, узмацніць у страху, падтрымаць у барацьбе і цяжкасцях, што гэты дзявоцкі шлях, каб знайсці Езуса Хрыста, стаецца шляхам з ружаў і мёду ў параўнанні з іншымі шляхамі. Былі такія святыя, праўда, няшмат, як святы Яфрэм,  святы Ян Дамаскін, святы Бернард, святы Бернардын, святы Францыск Сальскі і іншыя, што прайшлі гэтым салодкім шляхам, каб дайсці да Езуса Хрыста, таму што Дух Святы, верны Абраннік Марыі, паказаў ім гэты шлях праз асаблівую ласку. Іншыя святыя, іх шмат, хоць і ўшаноўвалі Найсвяцейшую Дзеву, альбо не ўвайшлі на гэты шлях, альбо ўвайшлі, але ў вельмі малой ступені. Таму яны прайшлі праз самыя жудасныя і самыя небяспечныя выпрабаванні.

   [153] Чаму тады, скажуць мне некаторыя верныя слугі Марыі, верныя слугі гэтай добрай Маці столькі пакутуюць, і нават больш за тых, што не да такой ступені Ёй адданыя? Ім супярэчаць, пераследуюць, узводзяць на іх паклёп і не зносяць іх. Альбо яны ідуць ва ўнутранай цемры і пустэльні, дзе няма ані кроплі нябеснай расы. Калі гэтая форма ўшанавання Святой Дзевы з’яўляецца лягчэйшай, каб знайсці Езуса Хрыста, то чаму яны ўкрыжаваныя больш за астатніх?

   [154] Я адкажу ім, што гэта праўда, што менавіта верныя слугі Святой Дзевы, якіх Яна больш за ўсіх любіць, якія атрымоўваюць ад Яе найвялікшыя ласкі і прывілеі неба, найбольш укрыжаваныя. Але настойваю таксама, што менавіта гэтыя верныя слугі Марыі нясуць свой крыж з самай вялікай лёгкасцю, найвялікшымі заслугамі і хвалой. Тое, што іншых тысячу разоў прывяло б да ўпадку, ніколі не спыняе верных слугаў Марыі і робіць так, што яны ідуць наперад, бо гэтая добрая Маці, поўная ласкі і намашчэння Святога Духа, напаўняе крыж, які ім выбірае, слодыччу сваёй матчынай пяшчоты і намашчэннем чыстай любові, так што яны з радасцю паглынаюць гэты крыж, як цукровыя арэхі, хоць бы нават яны былі невыносна горкімі. І я веру, што асоба, якая жадае быць адданай і жыць пабожна ў Езусе Хрысце, а значыць ад пераследаў і кожны дзень несці свой крыж, ніколі не зможа несці вельмі цяжкага крыжа і не зможа несці яго радасна і да канца без салодкага ўшанавання Святой Дзевы — слодычы крыжа. Гэтак сама, як ніхто не зможа есці зялёныя арэхі без агіды, калі яны не будуць запраўленыя цукрам.

      Гэтае ўшанаванне з’яўляецца кароткім шляхам

   [155] 2. Гэтае ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы з’ўляецца кароткім шляхам, каб знайсці Езуса Хрыста, таму што на гэтым шляху нельга заблукаць і таму, што, як я ўжо сказаў, па ім крочыцца з радасцю і лёгкасцю, а таму шмат хутчэй. У адданасці і залежнасці ад Марыі ідзеш шмат хутчэй, чым жывучы доўгія гады, абапіраючыся на ўласную волю і на сябе самога. Таму што чалавек, паслухмяны і падданы боскай Марыі, будзе выхваляць перамогу над усімі ворагамі. Праўда, тыя захочуць перашкодзіць яму ісці наперад, або прымусіць павярнуць назад, або пхнуць, каб ён упаў. Але з дапамогай і кіраўніцтвам Марыі яны не ўпадуць, не павернуць назад і нават не спозняцца, а вялікімі крокамі будуць ісці да Езуса Хрыста тым самым шляхам, якім, як напісана, Езус прыйшоў да нас вялікімі крокамі і ў кароткі час.

   [156] Як вы думаеце, чаму Езус так мала пражыў на зямлі, і амаль на працягу ўсяго гэтага кароткага часу Ён пражыў у падпарадкаванасці і ў паслухмянасці Сваёй Маці? A гэта таму, што Ён дасягнуў мудрасці вельмі рана і пражыў шмат і нават больш за Адама, памылкі якога прыйшоў выправіць, хоць Адам жыў больш за 900 гадоў. А Езус Хрыстус жыў нядоўга, таму што, прагнучы здзейсніць волю Бога, Свайго Айца, быў падпарадкаваны і жыў у вялікай еднасці са Сваёй Святой Маці. Таму што: 

1. Той, хто ўшановае сваю маці, падобны да чалавека, які збірае скарбы, кажа Дух Святы, гэта значыць, што той, хто ўшаноўвае Марыю, Яго Маці, падпарадкаваннем Ёй і  паслухмянасцю ў кожнай рэчы, вельмі хутка стане вельмі багатым, бо кожны дзень збірае скарбы пры дапамозе гэтага філасофскага каменя: «Qui honorat matrem, quasi qui thesaurizat». 

2. Таму што паводле  духоўнага погляду на гэтыя словы Духа Святога: «Senectus mea in misericordia uberi» («Мая сталасць знаходзіцца ва ўлонні міласэрнасці»), гэта значыць, што менавіта ва ўлонні Марыі ахінуты апекай і народжаны дасканалы чалавек, і менавіта Яе ўлонне было здольнае змясціць Таго, каго ўвесь сусвет не разумее і не можа змясціць. Менавіта там, кажу я, маладыя людзі робяцца сталымі ў святле, святасці, дасведчанасці і мудрасці і за кароткі час дасягаюць меры паўнаты Езуса Хрыста.