Страницы

Вонкавыя практыкаванні: любіць ружанец, маліцца "Магніфікат" і пагарджаць гэтым светам

Вялікая любоў да малітвы «Вітай, Марыя» і ружанца

   [249] Пятае практыкаванне. Яны будуць мець вялікую любоў да малітвы “Вітай, Марыя” ці Анёльскага прывітання, вартасць, заслугі, веліч і неабходнасць якой нават самыя дасведчаныя хрысціяне амаль не ведаюць. Святая Дзева шмат разоў аб’яўлялася вялікім святым, каб паказаць ім заслугі гэтай малітвы, як, напрыклад, святому Дамініку, святому Яну Капістрану, блаславёнаму Алэну дэ ля Рош. Яны, у сваю чаргу, напісалі цэлыя кнігі пра цуды і дзейсную моц гэтай малітвы ў навяртанні грэшнікаў; яны адкрыта казалі і прапаведвалі, што збаўленне свету пачалося з «Ave Maria», і збаўленне кожнага звязанае з гэтай малітвай; што гэтая малітва прынесла ў сухую бясплодную зямлю плод жыцця, і гэтая ж самая малітва, добра адмаўляная, павінна нарадзіць у нашых душах слова Божае і прынесці Плод Жыцця, Езуса Хрыста. Малітва «Вітай, Марыя» — гэта нябесная раса, што сыходзіць на зямлю, гэта значыць, у душу, каб у свой час прынесці свой плод, і, калі душа не амываецца гэтай малітвай, гэтай нябеснай расой, то яна не прыносіць ніякага плоду, а дае толькі шыпы і  калючкі і можа быць навечна асуджаная.

   [250] Вось што Найсвяцейшая Дзева сказала блаславёнаму Алэну дэ ля Рош, як гэта сказана ў яго кнізе «De dignitate Rosarii»:  «Ведай, мой сыне, і распавядзі пра гэта іншым, што магчымым знакам будучага вечнага асуджэння з’яўляецца  нянавісць, холад і нядбайнасць да Анёльскага прывітання, якое прынесла збаўленне свету. «Scias enim et secure intelligas et inde late omnibus  patefacias, quod videlicet signum probabile est et propinquum æternæ damnationis horrere et attediari ac negligere Salutationem angelicam, totius mundi reparativam» (Lib. de Dignit. cap. II). Вось вельмі суцяшальныя і ў той самы час страшныя словы, якім мы маглі б не паверыць, калі б нам не пацвердзілі гэта блаславёны Алэн дэ ля Рош, Святы Дамінік, а таксама досвед іншых вялікіх асобаў на працягу доўгіх стагоддзяў. Ужо даўно было заўважана, што тыя, хто носіць знак асуджэння, — такія, як ератыкі і бязбожнікі, ганарліўцы і аматары гэтага свету – ненавідзяць і пагарджаюць малітвай «Ave Maria» і ружанцам. Ератыкі яшчэ могуць вывучыць і маліцца «Ойча наш», але не «Вітай, Марыя» і ні ў якім разе не ружанец. Для іх гэта жудасць: яны лепш будуць насіць на шыі змяю, чым ружанец. Ганарліўцы таксама. Яны хоць і каталікі, але  з тымі самымі схільнасцямі, што і іх айцец  Люцыфер, і таму ненавідзяць або пагарджаюць малітвай «Вітай, Марыя», а на ружанец глядзяць як на жаночае набажэнства, добрае толькі для неадукаваных. І наадварот: тыя, што маюць на сабе вялікі знак абранасці і прызначанасці, любяць і з задавальненнем моляцца «Ave Maria». І чым больш яны належаць Богу, тым больш любяць гэтую малітву. Вось што Святая Дзева кажа блаславёнаму Алэну.

   [251] Не ведаю, якім чынам, але гэта ўсё ж такі праўда. У мяне няма лепшай таямніцы, каб даведацца, ці асоба ад Бога, апроч адной — спраўдзіць, ці любіць яна маліцца «Вітай, Марыя» і ружанец. Я кажу «яна любіць», бо можа быць так, што асоба па прычынах натуральных ці звышнатуральных можа быць не ў стане маліцца на ружанцы, аднак вельмі гэта любіць і заахвочвае іншых.

   [252] ПРАДВЫЗНАЧАНЫЯ ДУШЫ, НЯВОЛЬНІКІ ЕЗУСА Ў МАРЫІ, ведайце, што «Вітай, Марыя» — найпрыгажэйшая з усіх малітваў пасля малітвы “Ойча наш”. Гэта найпрыгажэйшы камплімент, які вы можаце зрабіць Марыі, бо гэта камплімент, які Найвышэйшы прыслаў Ёй праз аднаго з Арханёлаў, каб заваяваць Яе сэрца. І ён так моцна закрануў Яе сэрца дзякуючы таямнічаму хараству, што Марыя згадзілася на ўцелаўленне Слова нягледзячы на сваю глыбокую пакору. Менавіта гэтым кампліментам вы абавязкова заваюеце Яе сэрца, калі будзеце яго як трэба маліцца.

   [253] Добра адмаўлянае «Вітай, Марыя», гэта значыць, з увагай і сціпласцю, па словах святых, з’яўляецца ворагам д’ябла, які змушае яго да ўцёкаў, молатам, што яго раструшчвае, святасцю душы, радасцю анёлаў, спевам прадвызначаных, песняй Новага Запавету, радасцю Марыі і хвалой Найсвяцейшай Тройцы.  «Вітай, Марыя» — гэта нябесная раса, што робіць душу плоднай; гэта нявінны пацалунак любові, які мы даем Марыі, гэта пахучая ружа і каштоўная перліна, што мы Ёй дорым, гэта келіх амброзіі і боскага нектару, што Ёй падносяць. Усё гэта параўнанні святых.

   [254] Таму я нястомна прашу вас, праз любоў да Езуса і Марыі, не абмяжоўвацца маленькім вяночкам да Святой Дзевы, а маліцца яшчэ адну частку ружанца, а нават, калі ёсць час, поўны ружанец, кожны дзень, - і будзеце бласлаўляць у гадзіну сваёй смерці той дзень і тую хвіліну, калі вы мне паверылі. А пасля таго, як пасееце ў блаславенствах Езуса і Марыі, вы будзеце збіраць вечныя блаславенствы ў небe. «Qui seminat in benedictionibus, de benedictionibus et metet» («Хто сее шчодра, той шчодра і пажне» пар. 2 Кар 9, 6).

      Маліцца «Магніфікат»

   [255] Шостае практыкаванне. Каб падзякаваць Богу за ласкі, якімі Ён надзяліў Найсвяцейшую Дзеву, яны будуць часта маліцца «Магніфікат», як гэта рабіла сама Марыя і іншыя святыя. Гэта адзіная малітва, якую склала Святая Дзева, ці, хутчэй, Дух Езуса ў Ёй, бо Ён прамаўляў Яе вуснамі. Гэта найцудоўнейшы гімн праслаўлення, які Бог атрымаў праз запавет ласкаў. З аднаго боку, самы пакорны і поўны ўдзячнасці, з другога —  самы велічны і ўзвышаны з усіх гімнаў, бо ў ім ёсць нешта таямнічае і ўкрытае, чаго нават анёлы не ведаюць. Гэрсан[3], вельмі пабожны і мудры доктар, пасля таго, як большую частку свайго жыцця пісаў вельмі глыбокія і пабожныя трактаты на вельмі складаныя тэмы, з вялікім хваляваннем напрыканцы жыцця напісаў трактат пра «Магніфікат», каб укаранаваць усе свае творы. У адным са сваіх фоліяў ён піша шмат цудоўных рэчаў пра гэты прыгожы боскі спеў. Паміж іншым ён кажа, што Найсвяцейшая Дзева часта яго малілася, а асабліва пасля Святой Камуніі як падзяку. Навуковец Бэнзоніюс[4], тлумачачы той самы “Маніфікат”, распавядае пра мноства цудаў, учыненых моцай гэтага гімну. Ён кажа, што д’яблы дрыжаць і ўцякаюць, калі чуюць словы «Магніфікату»: «Fecit potentiain in brachio suo, dispersit superbos mente cordis sui» «Выявіў моц рукі Сваёй, рассеяў ганарыстых сэрцам».

      Пагарджаць гэтым светам

   [256] Сёмае практыкаванне. Верныя слугі Марыі павінны пагарджаць, ненавідзець і ўцякаць ад гэта сапсаванага свету, карыстацца сродкамі, якія мы пазначылі ў першай частцы, каб дайсці да поўнай пагарды да свету[5].

_____________________

[3] Ян Гэрсан, канцлер Парыжскага Універсітэту, вызначаўся вялікімі ведамі і пабожнасцю, памёр у 1363-1428 гг.

[4] Біскуп Ларэта, памёр у 1613 годзе.

[5] Аўтар мае на ўвазе маральны ўпадак і грэх у агульным сэнсе.